На Глыбоччыне завяршыўся “Дударскі рэй”



Завяршыўся першы фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй” на Глыбоччыне. У другі дзень фестывалю дудары выступілі з канцэртам у Мосары ды Удзеле. Таксама прынялі ўдзел у святочнай урачыстасці ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Удзела. Потым адбылося шэсце дудароў па Глыбокаму і іх выступленне на галоўнай сцэне горада.

Па словах ідэйнага натхняльніка фэсту, дудара і пісьменніка Віталя Воранава, за час фэсту глыбачане і ўдзельнікі фестывалю пасябравалі. Падалося, што і наведвальнікам канцэртаў таксама спадабалася дуда.

– Бачыце рэакцыю людзей, як яны вітаюць гасцей, у тым ліку замежных дудароў. Мне здаецца, што глыбачыне закахаюцца ў дудзе, як музычным інструменце. Таму будзем працягваць. Будзем паказваць цэлую панараму розных дударскіх традыцый Еўропы.

Фэст  плануецца правесці і ў наступным годзе. Для Глыбокага ён стане традыцыйным, як і “Вішнёвы фестываль”.  

Сёлета разам з беларусамі ў фэсце прынялі ўдзел дудары з васьмі краінаў. На наступны год геаграфія фэсту пашырыцца. А таксама будзе запрошана больш беларускіх дудароў.

 Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі