На Кангрэсе даследчыкаў Беларусі размаўлялі пра беларускае дударства



Ужо ў трэці раз сярод тэмаў, якія абмяркоўваюць на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, прысутная і тэма беларускага дударства. Ініцыятарам і мадэратарам гэтай секцыі з’яўляецца вядомы музыка і даследчык Яўген Барышнікаў.

dscn5407

Яўген Барышнікаў: – Мне даўно хацелася падняць даследаванне дуды на нейкі больш прыстойны навуковы  ўзровень. Я ў свой час падаў заяўку на секцыю, гэтая заяўка была прынятая. Ну вось сёлета гэта была трэцяя такая секцыя на Кангрэсе. Адзін год быў перапынку, таму чытыры гады таму фактычна мы пачалі.

У гэтым годзе было некалькі вельмі спецыфічных дакладаў. Па-першае, у нас пашыраецца геаграфія кожны год. Мы разглядаем дуду не толькі ў кантэксце Беларусі, а менавіта ў кантэксце еўрапейскім. У гэтым годзе, напрыклад, быў дакладчык з Харватыі Сцепан Вечкавіч, каторы паказваў дуды сваёй краіны. Былі даклады пра сучасны стан дударскай традыцыі ў Латвіі, у Польшчы.

Акрамя таго быў цэлы раздзел у рамках секцыі, каторы быў прысвечаны археалагічным знаходкам. За мінулы год было зроблена некалькі знаходак, досыць цікавых. І адна з іх у еўрапейскім кантэксце сенсацыйная знаходка, такіх няма больш: у Наўгародчыне ў Расеі была знойдзена ў слаях XIV стагоддзя жалейка дуды. Адзін з археолагаў, якія знайшлі гэтую жалейку, прысутнічаў на секцыі з дакладам.

То бок геаграфія пашыраецца досыць сур’ёзна. І на такія вузкія тэмы нейкіх спецыфічных мерапрыемстваў менавіта навуковага кшталту, не фестывальнага, у свеце вельмі мала. Я ведаю дзве імпрэзы падобнага кшталту. Адна адбываецца ў Лондане або Глазга, гэта міжнародная канферэнцыя па дудах, і вось другая – гэта дадзены Кангрэс даследчыкаў Беларусі у Коўне, дзе трэці раз ужо адбываецца секцыя, прысвечаная дудам.

dscn5392

РР: – Чаму тэма дуды тут прысутная, у чым яе ўнікальнасць?

Яўген Барышнікаў:

– Па-першае, тэма дуды – гэта тое, што называецца «міждысцыплінарныя штудыі». Калі даследаваць дуды, іх не выпадае даследаваць толькі ў кантэксце музыкалагічным альбо этнамузыкалагічным. Заўсёды ёсць складнік лінгвістычны, ёсць складнік гістарычны і гэтак далей.

А па-другое, дуда, калі казаць пра рэгіён Вялікага Княства Літоўскага, гэта тое, што можа аб’ядноўваць. Калі мы кажам пра нейкія палітычныя межы, то дуда пераўзыходзіць іх. Бо рэгіён распаўсюду дуды аднаго тыпу ўключае ў сябе і паўночную Беларусь, і Віленшчыну, і Латгалію, і захад Расеі. Гэта тая тэма, якая можа аб’ядноўваць народы.

Сцепан Вечкавіч, Харватыя:

-Я вельмі ўдзячны за магчымасць паказаць іншым частку харвацкай традыцыі дударства. На гэтым Кангрэсе я выступіў з уласнай прэзентацыяй пра харвацкую дуду ў мінулым і ў сучаснасці. Мне вельмі спадабаўся Кангрэс, бо тут было шмат людзей, і мы можам дзяліцца ведамі пра нашы розныя традыцыі, бачыць, што іншыя дудары, майстры вырабу дудаў і даследчыкі зараз робяць.

dscn5491

Цімафей Авілін, супрацоўнік НАН РБ, выступаў у секцыі пра дударства:

– Я выступаў як дакладчык з тэмай «Да этымалогіі лексемы «валынка»». Я паспрабаваў распавесці, калі з’явілася вось гэта лексіка сама, адкуль з’явілася слова «валынка» расейскае, што азначае слова «дуда» і гэтак далей. Гэта была вельмі добрая навуковая сустрэча, навуковая панэль, дзе людзі, якія сапраўды цікавяцца нейкай канкрэтнай тэмай, могуць знайсці, пра што разам паразмаўляць, нешта абмеркаваць і нешта канструктыўнае, так бы мовіць, вынайсці.

avilin

Яўген Барышнікаў:

– Удзельнікі секцыі, даследчыкі, якія даследуюць дуду, яны, як правіла, яшчэ і практыкі. Гэта людзі, каторыя граюць на дудах розных традыцый. І праз тыя некалькі гадоў, што мы робім секцыю, заўсёды ёсць момант, калі пасля афіцыйнай часткі, пасля даследчыцкай панэлі, пасля чытання дакладаў людзі збіраюцца проста ў бары, размаўляюць, камунікуюць, дастаюць дуды і пачынаюць граць.

Цікава, што паралельна з выступам дудароў гуляўся матч Шатландыя – Літва, і прысутныя ў бары шатландцы з ахвотай цікавіліся дударамі з Усходняй Еўропы. Акрамя беларусаў і харвата, на дудзе гралі таксама ўкраінскія сябры.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара