На Лепельшчыне паганцы зладзілі традыцыйнае Купалле



Аўтэнтычнае Купалле ў Вялікім Поўсвіжы, што на Лепельшчыне, зладзілі мясцовыя паганцы. Каб прыняць удзел у гэтым свяце і акунуцца ў даўніну, акрамя мясцовых жыхароў, сюды завітала каля сарака беларускамоўных турыстаў з Наваградка, якія ўваходзяць у клуб „Беларускае кола”.

Па словах удзельніцы клуба, настаўніцы Валянціны Быстрык, кожны год яны ладзяць з моладдзю падарожжы па Беларусі. На гэты раз вырашылі завітаць на Лепельшчыну, каб паўдзельнічаць у аўтэнтычным свяце Купалля і пазнаёміцца бліжэй з людзьмі, якія працягваюць беларускія традыцыі ў гэтым рэгіёне:

– Мы проста вельмі ўражаныя майстэрствам, прафесійнасцю, найперш адданасцю. Людзі робяць гэта і ім гэта прыносіць задавальненне і таму ўсе астатнія не могуць застацца абыякавымі – гэта проста файна. Такая сапраўдная аўтэнтычная радасць, аўтэнтычнае задавальненне.

Купалле паганцы святкуюць падчас летняга сонцастаяння 22-24-га чэрвеня. Гэтае старажытнае свята ў часы хрысціянізацыі было дапасавана да святкавання 24-га чэрвеня раства Іаана Хрысціцеля. Праваслаўныя святкуюць яго 7-га ліпеня. Купалле спрадвеку ўрачыста адзначаюць бадай што ўсе народы свету.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі