У Старым Ляўкове адзначылі юбілей Мікалая Варанецкага



Песнямі, цёплымі словамі ды падарункамі адзначылі ў Старым Ляўкове на Падляшшы 70-годзе мясцовага народнага паэта і музыкі Мікалая Варанецкага.

Адмысловым падарункам юбіляру стаў зборнік ягоных вершаў «Жывуць песні» — кажа дырэктар Гміннага Цэнтра ў Нараўцы, Гэлена Рэент:

— Гэта наш чарговы паэт, якому мы хацелі падзякаваць за ўсё тое, што ён стварае, за тое, што ён з намі. З дапамогай рэдактараў «Нівы» Міры Лукшы і Адама Паўлоўскага нам удалося ўсё гэта зрабіць. Друкарня таксама пастаралася. Я думаю для яго гэты падарунак быў нечаканасцю. А кожны, хто адкрые гэтую кніжачку, пазнаёміцца з ягонай творчасцю.

Мікалай Варанецкі — аўтар тэкстаў да звыш дзясятка песняў, якія выконваюць народныя беларускія калектывы. Нарадзіўся ў 1946 годзе ў вёсцы Альхоўка, у гміне Нараўка, дзе і жыве дагэтуль. Ягоны першы верш быў надрукаваны ў 1974 годзе на Літаратурнай старонцы «Нівы». З тыднёвікам супрацоўнічае дагэтуль.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя