На Піншчыне ўшанавалі памяць Рамана Скірмунта



На Піншчыне ўшанавалі памяць прэм’ер-міністра БНР, дэпутата польскага ды расейскага парламента Рамана Скірмунта (1868-1939).

???????????????????????????????

З нагоды 147-годдзя чальцы інфармацыйна-асветніцкай установы „Істытуцыйнага развіцця” ўсклалі кветкі і запалілі знічы на магіле Скірмунта, а таксама здзейснілі вандроўку па былым уладанням палітыка.

Раман Скірмунт пахаваны ў Парэччы ў парку, які заклаў у пачатку мінулага стагоддзя, адзначыў гісторык-краязнаўца Эдвард Злобін:

– На ўскрайку парэцкага парку месціцца пахаванне Рамана Скірмунта – вядомага грамадскага, палітычнага дзеяча Палесся, Беларусі, Расеі, Польшчы, чалавека сусветнай значнасці. У гэтым месцы пахаваны не толькі Раман. Ушанавалі памяць яго пляменніка Аляксандра, яго сястры Хелены, яе мужа Баляслава, а таксама 8 польскіх жаўнераў, якія загінулі ў 1919 годзе.

Для пінскай грамадскасці і аматараў мінуўшчыны магіла Скірмунта з’яўляецца сакральным месцам, кажа актывіст Ігар Салавей:

– Штогод у гэты дзень пінская грамадскасць прыязджае на гэтае месца, каб ушанаваць памяць Рамана Скірмунта. Да гэтага месца ўжо ладзяцца своеасаблівыя паломніцтвы – гэта традыцыя існуе з 1990-х гадоў.  

Акрамя Парэчча чальцы арганізацыі наведалі Моладава, дзе знаходзяцца радавыя могілкі Скірмунтаў. Падчас мерапрыемстваў абмяркоўваліся пытанні, што магчыма зрабіць, каб палепшыць стан парэцкага парку ды моладаўскіх пахаванняў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара