На шпілі Гарадзенскай кірхі з’явіўся крыж



Блізіцца да завяршэння рэканструкцыя Гарадзенскай кірхі. На нядаўна ўсталяваным шпілі гэтым разам з’явіўся крыж, і вышыня будынка стала каля 45 метраў, вышэй за другі культавы будынак – праваслаўны сабор, што месціцца непадалёку.

Гарадзенская кірха, якая мае амаль 300 гадовую гісторыю рэканструюецца апошнія тры гады.

Пра ход рэканструкцыі распавядае пастар гарадзенскай лютэранскай грамады Уладзімір Татарнікаў:

 – Завершылася адна з важных частак рэстаўрацыі – гэта ўсталяванне Крыжа для нашай Лютэранскай царквы. Апоші раз ён быў усталяваны 100 гадоў таму ў 1912 годзе. І цяпер мы рыхтуемся ўсталяваць гадзіннік, які на дадзены момант ёсць, але не дзейнічае. Мы шукаем спонсарскую дапамогу для таго, каб з чатырох бакоў нашай кірхі былі цыферблаты. Немцы заўсёды былі пунктуальным народам. І я ўпэўнены, што ў хуткім часе госці нашага гораду будуць звяраць свае гадзіннікі па гадзінніку на нашай кірхе. 

Уладзімір Татарнікаў спадзяецца, што спонсарамі стануць гарадзенскія арганізацыі і жыхары гораду, і гадзіннік з’явіцца на будынку ўжо ў бліжэйшы час.

Беларускае Радыё Рацыя