На Свята-Троіцкім саборы ў Слоніме мяняюць купал на “цыбуліну”



Многія слонімцы незадаволены тым, што на Свята-Троіцкім саборы хочуць памяняць гістарычны купал на “цыбуліну”. Вялікі купал-“цыбуліна” ужо ляжыць на тэрыторыі сабора і яго хутка паднімуць наверх, каб замяніць гістарычны шматвяковы купал.

Па словах слонімскага мастака і скульптара Леаніда Богдана, некалькі гадоў назад купал пафарбавалі, падрамантавалі і ён вельмі ўпісваецца ў архітэктурны ансамбль храма.

“Таму што гэты купал гістарычны, спецыяльна быў зроблены для гэтага сабора, яго нельга мяняць, здымаць, таму што парушыцца ўся прыгажосць храма і ўся аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя былога кляштара бернардзінцаў. Навошта наверх зацягваць гэту вялікую цыбуліну, калі ўсё выдатна пасуе і так”, – выказаў незадавальненне Леанід Богдан.

Барыс Баль, Беларуская Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара