На сядзібе Рыгора Барадуліна ва Ушачах адкрыўся пленэр



На сядзібе Рыгора Барадуліна, ва Ушачах адкрыўся дваццаць трэці пленэр Цэнтра імя Язэпа Драздовіча. Туды прыехала каля трыццаці беларускіх мастакоў, таксама ёсць і госць з Кітая Сянь Шаў. Ён разумее беларускую мову, нядрэнна ёй валодае і ў захапленні ад беларускай прыроды.

Сярод вядомых беларусаў на імпрэзе прысутнічалі Алесь Марачкін, Валянціна Барадуліна, Святлана Баранкоўская ды іншыя. На пачатку мерапрыемства галоўны арганізатар пленэра Ада Райчонак выказала словы падзякі ўсім прысутным за падтрымку, у тым ліку прадстаўнікам Ушацкага райвыканкама.

Думаю, што наш пленер будзе плённы. Мы вельмі хочам, каб пленер паклаў пачатак музею нашага любімага паэта Рыгора Барадуліна.

Пленэр ва Ушачах будзе працаваць тыдзень. Па яго заканчэнні там зладзіцца выстава, а потым і ў іншых гарадах Беларусі. Маладыя ж скульптары Элеанора Данэсевіч і Яўген Малыш абяцаюць зрабіць драўляную скульптуру з керамічнымі ўстаўкамі Рыгора Барадуліна, якая будзе знаходзіцца ў будучым музеі паэта.

Тацяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя