„На творчай хвалі”



„На творчай хвалі” – выстава, прысвечаная году моладзі, адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці. У ёй прынялі ўдзел 16 таленавітых маладых людзей ва ўзросце да 31 года, у асноўным з творчай адукацыяй. А першыя крокі ў сферы творчасці шматлікія з іх рабілі разам з настаўнікамі Глыбоцкай дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча.

Па словах дырэктара мастацкай школы Жаны Балабуевай, шмат выпускнікоў школы звязалі сваё жыццё з маляваннем, з творчасцю і дасягнулі значных поспехаў.

– Для мяне няма большай ўзнагароды, калі прыходзяць дарослыя бацькі, прыводзяць сваіх дзяцей і ўспамінаюць, як хадзілі сюды калісьці самі. Гэта вельмі прыемна. І яшчэ больш прыемна, калі людзі прафесійна займаюцца той справай, якую я дапамагла абраць ім у гэтым жыцці.

На выставе прадстаўлены працы ў розных накірунках – карціны з адлюстраванем пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў. А таксама выцінанкі, вырабы з дрэва, гліны, шэрсці і бісера. Пазнаёміцца з працамі маладых творцаў у Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры можна будзе з 9 да 18 гадзінаў на працягу месяца.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі