На Зэльвеншчыне – адны песні



Зэльвенская раённая газета “Праца” штотыдзень друкуе план культмасавых мерапрыемстваў у гарадскім пасёлку і вёсках Зэльвенскага раёна. Гэтыя мерапрыемствы наладжвае Зэльвенскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці. Калі з імі азнаёмішся, то прыходзіш да думкі, што ў Беларусі найбольш весела жывецца жыхарам Зэльвеншчыны, асабліва вяскоўцам. У іх вёсках такая “разнастайная” праграма, што дзіву даешся, якая зэльвенская зямля “багата” на таленты. Давайце пазнаёмімся, чым, напрыклад, Цэнтр культуры будзе весяліць зэльвенцаў у бліжэйшыя дні.

Напрыклад, у вёсках Крамяніца-Дольная і Падгрушаны адбудзецца канцэрт “От песен радосно на душе”. Радасна на душы будзе і ў вёсках Кандакі і Марцінавічы, дзе таксама адбудзецца канцэрт “От песен радосно на душе”.

У вёсцы Елка таксама ў бліжэйшыя дні будзе весела, бо там пройдзе вечар “С песней веселее”. А ў вёсцы Алексічы адбыдзецца клубная сустрэча “Завалинка, завалинка…”. Вёска Князева каля клуба парадуецца праграмай “Играя, отдыхаем”.  А ў самой Зэльве на летняй эстрадзе адбудзецца канцэрт калектываў аматарскай творчасці з Воранаўскага раёна і г.д.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён