Наталля Гардзіенка: Гэта нашая справа – збіраць архівы беларусаў свету



Беларускі гісторык з Польшчы Юрый Туронак працягае перадаваць матэрыялы свайго прыватнага архіва ў фонд Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Менску. У архіў паступілі чарговыя 20 тэчак з дакуменамі, фотаздымкамі і друкаванымі выданнямі. Алесь Аркуш пацікавіўся ў супрацоўніцы архіва-музея Наталлі Гардзіенкі, што канкрэтна перадаў у Менск Юрый Туронак.

Наталля Гардзіенка: Гэта была ўжо другая частка дакументаў з архіва Юрыя Туронка. Першая частка была перададзена ў красавіку гэтага году. І цяпер перададзеная другая частка, якая падрыхтаваная самім Юрыем Туронкам. Гэта 20 тэчак, у якіх можна знайсці дакументы, звязаныя з яго ліставаннем з рознымі асобамі, у тым ліку Марыянам Пецюкевічам, Язэпам Найдзюком, Аляксеем Каўкам, айцом Аляксандрам Надсанам і іншымі. Ён перадаў таксама дакументы пра сваіх бацькоў, прычым там арыгінальныя атэстаты, напрыклад, Браніслава Туронка з Яраслаўскай гімназіі, яго пасведчанне аб лекарскай практыцы, арыгінальныя здымкі з 20-х гадоў, таксама часопісы 20-х гадоў, сярод іншага часопіс “Наш шлях” за 1922 год, дзе змешчаны тэксты Наталлі Арсеньевай, Зоські Верас і іншых аўтараў. Тут і матэрыялы больш новыя, з 90-х гадоў, ліставанне з рознымі беларускімі дзеячамі, з 90-х, 2000-х гадоў, таксама матэрыялы ўдзелу ў розных навуковых канферэнцыях, у міжнародных кангрэсах беларусістаў, у Першым з’ездзе беларусаў свету і г.д., ліставанне з рэдакцыямі, дакументы, звязаныя з абаронай доктарскай дысертацыі і розныя іншыя матэрыялы.

РР: Беларускі архіў-музей асабіста звяртаўся да гісторыка, каб ён перадаў архіў,  то бок з вайшай ініцыятывы гэта адбылося?

Наталля Гардзіенка: Справа ў тым, што дакументы Юрый Туронак перадаваў нам і раней. У нас ёсць ягоны невялікі фонд. А ў гэтым годзе я ад імя архіва звярнулася да яго, і ў часе маёй камандыроўкі ў Польшчу як раз з ім сустракалася, і тады прывезла адну частку архіва, і ён падрыхтаваў вось яшчэ адну. І ёсць дамоўленасць, што будзе перадаваць яшчэ. Так што сапраўды, гэта нашая ініцыятыва і частка нашай працы па збіранні дакументаў дзеячаў беларусаў замежжа.

РР: А акрамя Юрыя Туронка, ці ёсць нейкія іншыя дзеячы беларускага руху ў Польшчы, якія перадаюць таксама свае архівы да вас у архіў-музей?

Наталля Гардзіенка: Так, ёсць. У нас ёсць архіў Сакрата Яновіча, у нас ёсць архіў Базыля Белаказовіча, у нас ёсць архіў Антонія Мірановіча, ёсць дамоўленасць на перадачу архіва Алеся Баршчэўскага і шэраг іншых аўтараў з Польшчы, якія перадаюць нам свае архівы.

Gardzienka

Фота: nv-online.info 25 лiпеня 2015 г

РР: Ці маюць даследчыкі вольны доступ да матэрыялаў вашага архіва? Ці могуць яны працаваць у вас з гэтымі матэрыяламі?

Наталля Гардзіенка: Канешне. Усе архівы, па меры апрацоўкі, паступаюць у свабодны доступ і могуць быць выкарыстаныя даследчыкамі для сваіх патрэбаў.

РР: А ці ёсць такія планы, каб выдаваць матэрыялы з архіваў у кніжным фармаце? Напрыклад, ліставанне, іншыя дакументы. Ці ёсць такія ініцыятывы?

Наталля Гардзіенка: Справа ў тым, што і наш архіў таксама займаецца падрыхтоўкай розных публікацый дакументаў з фондаў нашага архіва. І даследчыкі, якія ў нас працуюць, таксама выяўляюць нейкія дакументы, публікуюць. То бок працэс публікацыі дакументаў ідзе пастаянна. Пакуль спецыяльных праектаў па выданні менавітаў архіваў беларусаў Польшчы няма. Але калі нехта будзе цікавіцца, калі нехта гэтым будзе займацца, то мы ўсяляк будзем дапамагаць.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя