Навуковыя чытанні да 125-годдзя Максіма Багдановіча



У Гародні ў абласной навуковай бібліятэцы імя Яўхіма Карскага згадалі Максіма Багдановіча. Адзінаццатыя навуковыя гарадзенскія чытанні былі прымеркаваныя 125-ым угодкам паэта.

p1240101

Сярод гасцей была Аліна Кніга – супрацоўніца менскага музею Максіма Багдановіча. Яна падзялілася з нашым радыё, наколькі даследавана літаратурная спадчына Максім Багдановіча:

– Яна недастаткова вывучана, хоць кажуць, што паколькі Максім Багдановіч пражыў вельмі мала – толькі 25 гадоў, то шукаць ужо няма чаго – усё вывучана. Але кожны год нас чакаюць новыя знаходкі. Наш музей, нашыя супрацоўнікі кожны год знаходзяць новыя выданні Максіма Багдановіча, новыя аўтографы. Напрыклад, нават у тым годзе былі выяўлены два невядомыя аўтографы – лісты ў газету “Наша Ніва” і адзін фельетон Багдановіча, прысвечаны яраслаўскаму чэмпіянату па хакеі.

Фельетон выйшаў у яраслаўскай газеце „Голос”. Усяго на навуковых чытаннях было чатырнаццаць дакладаў. Падчас навуковага форуму прафесар Аляксей Пяткевіч падзякаваў і пашкадаваў, што ўжо не працуе адна з пачынальніц традыцыйных навуковых чытанняў у бібліятэцы Карскага – Любоў Турмасава, якая звольнілася з установы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара