„Ноч музеяў” у Бярозе



Міжнародная акцыя “Ноч музеяў” у Бярозе праходзіла з 17 да 22 гадзін у двух месцах: у гісторыка-краязнаўчым музеі і галерэі мастацтваў. Масавасцю пахваліцца нельга. Гэтай акцыяй скарысталіся больш школьнікі, якіх прывялі арганізавана класныя кіраўнікі. Па параўнанні з мінулагодняй “Ноччу” ўсё было даволі сціпла. Толькі адзін майстар-клас у  галерэі замест шматлікіх у мінулым годзе. Адсутнічалі майстры, мастакі, самадзейныя артысты. “Ноч музеяў” сёлета праходзіла ў звычайным рэжыме работы музеяў.

Але нават такое стасаванне з мастацтвам дае свой плён, што відаць з размоў з наведвальнікамі мерапрыемства. Супрацоўнікі, на жаль, размаўляць з карэспандэнтам нашага радыё не пажадалі:

– Бачылі вельмі шмат цікавага. Былі і матылі, і карціны, і зброя.

– Вельмі спадабаліся матылі. Спадабалася паглядзець, як апраналіся, чым пісалі і як жылі раней людзі.

– Добрая экспазіцыя.

– Мы прыйшлі з дзіцяці паглядзець менавіта школьныя прадметы савецкага часу.

У школьнай зале былі прадстаўлены прадметы і здымкі расейскай школы, польскай, а з беларускай – толькі адзін дзённік.

Калі мэта акцыі прывабіць да мастацтва і культуры людзей, то ў гэтым годзе ў Бярозе, здаецца, не было чым.  Бярозаўская “Ноч музеяў” сёлета вельмі нагадвала акцыю для галачкі. Ні крэатыву, ні цікавостак.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза