Някляеў: Саюз пісьменнікаў мусіць цвёрда заявіць сваю грамадзянскую пазіцыю (абноўлена)



Дзейны старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч на безальтэрнатыўнай аснове абраны на кіраўнічую пасаду гэтага аб’яднання. За яго пераабранне на другі тэрмін прагаласавала пераважная большасць дэлегатаў XVII з’езда СБП, які адбыўся ў Менску. Паэт і перакладчык з Гарадзенскай вобласці Сяргей Вераціла заявіў, што ў сённяшніх умовах „нешта радыкальна мяняць было б памылкай”, а Пятровіч „як арганізатар і чалавек, які ахвяраваў жыццём дзеля беларускай літаратуры, — лепшая кандыдатура”. Новаабраны старшыня падзякаваў дэлегатам за падтрымку. Ён выказаў надзею на тое, што яго каманда захаваецца, а на бліжэйшым пасяджэнні рады будзе абвешчаны склад намеснікаў.

Акром таго, дэлегаты з’езду заклікалі дэмакратычныя сілы Беларусі да яднання, каб „дзейнічаць згуртавана і самааддана ў імя лепшай будучыні Радзімы і захавання яе дзяржаўнага суверэнітэту”. Пра гэта гаворыцца ў выніковай рэзалюцыі з’езду.

* * *

Выступаючы з прамовай на З’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Някляеў заклікаў сябраў арганізацыі актыўна адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Ён выступіў з прапановай стварыць грамадскі рух за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі, чальцамі якога сталі б сябры саюза.

„Над намі твораць здзек: то не прызнаюць творчай арганізацыяй, то патрабуюць даказаць, што ўсе мы пісьменнікі „, – адзначыў Уладзімір Някляеў.

– Але ў часы, калі перад Беларуссю стаіць пытанне – быць ці не быць, а я вас пераконваю, што сёння яно менавіта так і стаіць, Саюз беларускіх пісьменнікаў мусіць уцямна і цвёрда заявіць сваю грамадзянскую пазіцыю. У нас забралі будынак, у якім зараз знаходзіцца прарасейская арганізацыя “Белая Русь” і праўладны саюз генерала Чаргінца. Мы патрабуем вярнуць зрабаваную маёмасць Саюза беларускіх пісьменнікаў, каб мы зрабілі  цэнтр беларушчыны, дзе б акумулявалі свае сілы і пашыралі іх.

Прапанова аб стварэнні новай арганізацыі, якую выказаў грамадскі дзеяч і пісьменнік Уладзімір Някляеў, будзе разгледжаная ў час з’езда.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск