Някляеву не дазволілі чытаць вершы ў гонар свайго 70-годдзя



Мінгарвыканкам адмовіў паэту Уладзіміру Някляеву ў правядзенні чытанняў з нагоды яго юбілею ў скверы імя Янкі Купалы. У ліпені Някляеву споўніцца 70 гадоў.

„Традыцыі літаратурных чытанняў існуюць ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах. І зараз мяне з нагоды юбілею запрашаюць у Хельсінкі і Стакгольм, Нью-Ёрк, Вільню і Варшаву. А вось у родным горадзе я госць не пажаданы. Спачатку мне заміналі выдаваць вершы, цяпер забараняюць іх чытаць”, — адзначыў паэт.

Але ўсе, каму блізкая паэзія Някляева, змогуць яго пачуць 11 ліпеня.

– 11 ліпеня ў 19 гадзін у свой дзень народзінаў я прыйду да помніка Янкі Купалы, як прыходзіў да яго заўсёды, і буду чытаць вершы. Я буду чытаць вершы нават у тым выпадку, калі прыйдзе хаця б адзін чалавек. Буду чытаць вершы гэтаму аднаму чалавеку. Нельга дазваляць, каб пошасць над намі ўладарыла. Нельга дазваляць, каб тапталі чалавечую годнасць. Нельга дазваляць, каб яны заганялі нас як мышэй пад венік. Я гэтага не дазваляў над сабой рабіць і не дазволю.

Някляеў, паводле яго слоў, спрабаваў знайсці залу для прэзентацыі новай кнігі „Толькі вершы”, выданай да юбілею, аднак паўсюль пасля „кансультацый з адміністрацыяй” адмовілі. „Нават у Доме літаратара, у доме Саюза пісьменнікаў Беларусі, дзе я некалі быў старшынёй”, — дадаў паэт.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя