«Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» прэзентавалі ў Берасці



«Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» — кнігу з такой назвай прэзентаваў у Берасці яе аўтар: філолаг, мовазнаўца, аўтар і вядоўца моўных радыёперадач Вінцук Вячорка ўклаў у змесце выдання назапашаны за шмат год моўны досвед, а таксама вынікі сваіх даследаванняў:

—Тэксты, якія апублікаваныя ў першай кнізе, спадзяюся, што будзе працяг, гэта нейкае падсумаванне курсаў мовы, якія і я сам і разам з калегамі вёў пачынаючы з 1981 году. На прыватных кватэрах, у студэнцкіх аўдыторыях без інфармавання дэканатаў і рэктаратаў, калі ў нас у БДУ дзейнічала беларуская суполка «Майстроўня».

З улікам таго, што мерапрыемства адбывалася ў межах курсаў «Мова нанова» Вінцук Вячорка прачытаў таксама лекцыю на тэму «Мова і цывілізацыя». З яе наведвальнікі і вядоўцы заняткаў даведаліся пра гісторыю словаў са штодзённага жыцця расейскамоўных беларусаў, статыстыку ўжывання беларускай мовы і іншыя цікавосткі. Гаворыць Вольга Малафеечава, вядучая курсаў:

Некаторыя выразы і словы, што былі ў нашай памяці, але мы не ведалі чаму мы іх выкарыстоўваем, адкуль яны пайшлі. На гэтыя пытанні мы змаглі даць адказы разам з нашым госцем.

Аўтар падарыў кожнаму наведвальніку па асобніку кнігі «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам». Тыя, хто ня здолеў прыйсці на прэзентацыю альбо адшукаць папяровага асобніка, выданне змогуць спампаваць у «Бібліятэцы Свабоды».

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя