Пачалася кампанія за рэабілітацыю Ларысы Геніюш



Моладзь БНФ распачала кампанію за рэабілітацыю беларускай паэткі і грамадскай дзяячкі Ларысы Геніюш.

Кампанія пачалася 5 ліпеня – сабрана каля 200 подпісаў за поўную рэабілітацыю беларускай паэткі.

larysy-genyush_1

Як паведамляецца на старонцы кампаніі «Укантакце», свой подпіс на гэты момант можна паставіць на пікетах у Менску, на офісе Партыі БНФ, у Гомелі, Берасці, Воршы і Магілёве. Усе навіны кампаніі будуць публікавацца пад хэштэгам #Геніюш2016.

Акрамя збору подпісаў за рэабілітацыю, актывісты збіраюцца накіраваць зварот  да  Міністэрства адукацыі, каб творчасць Ларысы Геніюш была ўключана ў школьную праграму.

Моладзь БНФ таксама будзе дамагацца стварэння помніка Ларысе Геніюш і перайменавання адной з вуліц у яе гонар.

Ларыса Геніюш – беларуская паэтка, пісьменьніца, дзяячка нацыянальнага руху. Была арыштаваная ў  сакавіку 1948 году ў Чэхаславаччыне. У лютым  1949 году Ларысу Геніюш асуджаюць на 25 гадоў зняволеньня за гэтак званую «контррэвалюцыйную  дзейнасць» i «дапамогу міжнароднай буржуазіі».

У 1956 годзе тэрмін пакарання змяншаюць да 8 гадоў, і яе вызваляюць. Доўгі час творчасць паэткі была пад забаронай. Толькі ў 1967 годзе быў выдадзены першы ў Беларусі зборнік твораў Ларысы Геніюш.