Пад Жодзінам пройдзе канцэрт гурта “НагУаль”



У панядзелак, 19 кастрычніка пасёлак Зялёны Бор, які знаходзіцца непадалёк ад горада Жодзіна, будзе сустракаць беларускі гурт “НагУаль”.

Гэтая сваеасаблівая музычная каманда аднойчы, яшчэ на пачатку стварэньня Беларускага Згуртаваньня Моладзі “Ліцьвіны” ТБМ імя Ф.Скарыны ў Жодзіне, давала сваё першае прадстаўленьне ў мясцовым гарадзкім клюбе.

Памятаецца, што на гэтым канцэрце, зарганізаваным актывістамі ТБМ імя Ф.Скарыны, яшчэ працуючы з простым мэханічным дыктафонам ды фотакамэрай, пачыналі свае першыя крокі як карэспандэнты такія будучыя журналісты, як Вольга Чайчыц з Смалявічаў

А некаторыя фатаграфіі гурту, зробленыя кіраўніком гарадзкой арганізацыі „ТБМ імя Францішка Скарыны” Аляксеем Лапіцкім падчас гэтага выступу ў Жодзіне, трапілі ў далейшым на вокладку першага альбому музыкаў.

АРГАНІЗАТАРЫ, КАМПАНІЯ „БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ” І КІРАЎНІЦТВА ЗЯЛЁНАБОРСКАГА ДОМУ КУЛЬТУРЫ, ЗАПРАШАЮЦЬ НА КАНЦЭРТ УСІХ АМАТАРАЎ БЕЛАРУСКАГА СЛОВА Й СУЧАСНАЙ МУЗЫЧНАЙ ЭСТРАДЫ!

Пачатак канцэрту: 19.10 (19:00) Месца правядзеньня: Зялёнаборскі СДК (Менская вобласьць, пасёлак Зялёны Бор, Смалявіцкага раёну).

Канцэрт адбудзецца ў залі на другім паверсе ДК у межах штомесячных культурніцкіх сустрэчаў пад рубрыкай “Музычныя вечары “19-га ў 19”” – уваход вольны!

Гурт “НагУаль” – гэта шаманскі рок-н-рол, балотны панк, народна-міжнародны біт і этна-сюррэалізм з Менску.

Алесь ЛЕТА, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксей Лапіцкі