“Падарожжы дылетанта” сыходзяць з тэлебачання ў сеціва



Папулярная перадача Юрыя Жыгамонта ўсё ж спыніла выхад на тэлеканале СТБ, нягледзячы на леташнюю хвалю глядацкага абурэння. Ад сёння пачынае працу адмыслова створаны сайт zhyhamont.by. На ім будуць змяшчацца новыя і ранейшыя выпускі “Падарожжаў”. Пра прычыны закрыцця тэлеверсіі і новы фармат праграмы з Юрыем Жыгамонтам пагутарыў Стась Дадэрка.

padar

РР: Праграма “Падарожжы дылетанта” цалкам вертуалізуецца, пераходзіць у фармат сеціўнага рэсурсу.

Юры Жыгамонт: Так, пераходзім у інтэрнэт.

РР: Я памятаю, што яшчэ летась кіраўніцтва канала СТБ казала, што нібы ўсё добра, праграма захаваецца, што толькі часова ідуць паўторы. То што гэта было: яны трымалі такую паўзу, каб усе проста забыліся?

Юры Жыгамонт: Не, яны не трымалі паўзу. Думаю, для ўсіх не сакрэт, што фінансавая сітуацыя ў краіне не вельмі добрая. І думаю, канал СТБ таксама патрапіў у тую ж фінансавую сітуацыі. І яны вырашылі пакуль прыпыніць некаторыя праграмы. Вось і ўсё.

РР: Няўжо такая дарагая праграма была?

Юры Жыгамонт: Ну, відаць, дарагая. Не ведаю, колькі яна абыходзілася фінансава, але ж гэта ўсё роўна выдаткі: патрэбна і машына, і аператары, і мантаж. Гэта патрабуе вельмі шмат грошай.

РР: У новым фармаце праграмы будуць змены. Напрыклад, падача, працягласць?

Юры Жыгамонт: Не. Нічога не зменіцца. Праграма так і будзе 26 хвілін. Застаўка крыху зменіцца, бо мы яе перарабілі. Але музыка – тая ж: застаецца “Стары Ольса”. Без зменаў застаецца і назва – “Падарожжы дылетанта”.

РР: Што ўжо паспелі зрабіць?

Юры Жыгамонт: У новай праграме, якая выйдзе 12-га красавіка, будуць Тракелі, Вараноўскі раён. Пазней (мы ўжо зрабілі праграму) будуць Шылавічы, Ваўкавыскі раён, і Шчэчыцы, Мастоўскі раён. Таксама зроблена праграма пра Куплін, Пружанскі раён. Чатары праграмы ўжо ёсць у нас.

Будзем выходзіць раз на тыдзень, як і на тэлебачанні. Раз на тыдзень – новая праграма. І таксама плануем яшчэ выкладаць старыя праграмы на гэтым сайце.

РР: Я бачу, у інтэрнэце выкладзена вельмі шмат выпускаў вашай праграмы розных гадоў. Але гэта напаўлегальна хіба робяць?

Юры Жыгамонт: Канешне. Чаму выкладзены праграмы на СТБ, на іх сайце, на ютубе, а таксама на розных іншых сайтах? Бо цікавяцца людзі сваімі мясцінамі. Многія даўно пакінулі свае вёскі, з’ехалі, не прыязджаюць, а некаторыя і не маюць магчымасці прыехаць у родную вёску. А паглядзець па тэлебачанні – гэта ж добра. Шмат людзей дасылае мне лісты, каб я прыехаў у тую ці іншую вёску, дасылаюць свае гісторыі. Таму я магу меркаваць, што папулярнасць перадачы не знікае.

Таксама стараемся ездзіць у тыя мясціны, дзе знікаюць помнікі гісторыі. Бо хочацца паспець усё гэта зазняць. Шмат дзе ўсё зруйнавалі ўжо, знеслі, паразбіралі на дровы. Таму хочацца паспець захаваць у маёй перадачы частку гісторыі, культуры: гэта рэшткі панскіх сядзібаў, храмаў і г.д.

РР: Нягледзячы на тое, што ўжо выйшлі сотні выпускаў праграмы, ёсць яшчэ мясціны, у якіх вы не былі.

Юры Жыгамонт: Вельмі шмат такіх мясцін. І я стараюся не паўтарацца і не ездзіць у адныя і тыя ж месцы. Праўда, некаторыя праграмы, якія былі па 13 хвілін, мы пераздымалі. Бо яны былі не зусім поўныя: не пра ўсё ў іх распавядалася, не ўсё было паказана.

РР: То бок паступова вымаўлёўваецца неабсяжная відэаэнцыклапедыя па Беларусі?

Юры Жыгамонт: Менавіта такую відэаэнцыклапедыю мы і збіраемся рабіць. Пазней плануем выпусціць дыскі.

РР: А што яшчэ будзе на вашым сайце, акрамя выпускаў праграмы “Падарожжы дылетанта”?

Юры Жыгамонт: Пакуль будуць толькі выпускі праграмы. Гэта ж толькі пачынаем рабіць…

РР: Ці разлічваеце на нейкі інтэрактыў, каб гледачы вам нешта раілі, запрашалі кудысьці?

Юры Жыгамонт: Канешне ж разлічваем. Інтэрнэт, гэты канал – гэта і будзе размова з чытачамі. Спадзяемся, што будуць водгукі, што людзі будуць пісаць, выказваць свае думкі. Але калі шмат парадаў – гэта таксама цяжка :)

Дадамо, што перадача “Падарожжы дылетанта” мае 15-гадовую гісторыю. Кожны яе выпуск прысвечаны канкрэтнай беларускай вёсцы альбо мястэчку. Здымкі адбываюцца на тым месцы, пра якое ідзе расповед. У 2012 годзе аўтар і вядоўца праграмы Юры Жыгамонт быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Гутарыў Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота kli4nik.info