Падарунак для Барадуліна – дыск песень з Вушаччыны



Да дня народзінаў народнага паэта Рыгора Барадуліна плануецца выдаць дыск з народнымі песнямі яго малой Радзімы – Вушаччыны. Песні, якія любіў спяваць Барадулін і ягоная маці, будуць пададзеныя ў інтэрпрэтацыях гуртоў „Re1ikt”, „Vuraj”, „Harmonic style project”, Ірэны Катвіцкай ды іншых музыкаў.

„Спіс удзельнікаў папаўняецца”, – гаворыць ініцыятар праекта Сяргей Долгушаў:

– Гэта такі трыб’ют, захацелася ажывіць, даць новае жыццё гэтым песням і тым самым прысвяціць Рыгору Барадуліну. На плыце будзе і музыка ў сучасным выкананні, а таксама можна будзе пачуць рэальны голас маці Барадуліна – гэта вельмі ўнікальны запіс, вось як яна спявала гэтыя песні.

Альбом „Песні матчыны з Вушаччыны” плануецца прэзентаваць 24 лютага 2017 года ў вялікай залі Белдзяржфілармоніі ў Менску. Потым прэзентацыі мусяць адбыцца на Віцебшчыне – у Вушачах, Воршы ды Віцебску.

Аднак, каб тое здарылася, арганізатарам патрэбна сабраць 3 тысячы рублёў. Краўдфандынгавая кампанія праекта праходзіць на рэсурсе talaka.by. Мэцэнаты ў залежнасці ад ахвяраванай сумы атрымаюць падзяку, дыск, запрашэнне на канцэрт ды іншыя падарункі.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя