Падляшская опера агучыла свае планы на новы сезон



Дзве новыя вялікія пастаноўкі, прэм’еры спектакляў для дзяцей і музычныя фестывалі. Пачынаецца новы мастацкі сезон у Падляшскай оперы і філармоніі.

Сезон напачатку верасня адкрые Шосты агульнапольскі конкурс маладых дырыжораў імя Вітальда Лютаслаўскага.

Як кажа дырэктар оперы Дам’ян Танаеўскі, акрамя папулярных летась спектакляў «Чароўная флейта» і «Кармэн» гледачы пабачаць таксама дзве вялікія прэм’еры:

— «Помста кажана» у снежні і «Цыганэрыя» у сакавіку. Акрамя таго мы таксама рыхтуем прэм’еру казкі «Кот у ботах», якая таксама адбудзецца ў снежні. Калі казаць пра нашы спектаклі, дык «Чароўная флейта» ужо ў верасні і кастрычніку і «Кармэн» у лістападзе.

 

Як дадае Дам’ян Танаеўскі, у бліжэйшым сезоне чакаецца развіццё творчага абмену з беларускімі партнёрамі Падляшскай оперы:

— Мы ўвесь час вядзем перамовы з беларускім бокам і стараемся рыхтаваць абмен аркестрамі. Спадзяюся, што сёлета гэта паспяхова завершыцца і ўжо ўвосень нам удасца прадставіць з беларускага боку канцэрт аркестру. Спадзяюся, што мы надалей будзем працягваць супрацу.

Падрабязны план мастацкага сезону можна знайсці на афіцыйным сайце оперы. Ужо ў нядзелю 28 жніўня ў 19 гадзін на вуліцы Адэскай выступіць Біг Бэнд оперы з канцэртам «Канікулы Goodbay».

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток