Падляшскі музей у Беластоку атрымаў працы Язэпа Драздовіча



Падляшскі музей у Беластоку атрымаў дзве працы выдатнага беларускага мастака міжваеннага перыяду Язэпа Драздовіча. Палотны перадала музею Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. Гэта элементы тэатральнай сцэнаграфіі, Драздовіч іх выканаў для Таварыства беларукай школы, якое ў міжваенны перыяд вяло тэатральную дзейнасць. На двух палотнішчах намаляваныя чатыры сюжэты, – кажа старшыня БГКТ Янка Сычэўскі.

– З аднаго боку – прыродазнаўчыя акцэнты. З другога боку – архітэктурныя. Адзін замак, мабыць гэта замак Мірскіх, хаця не ўсе пагаджаюцца з тым, гэта не ілюстрацыя канкрэтнага замку, а толькі інспірацыя. А па-другое, гэта вуліца старой беларускай вёскі, дзе дамы пабудаваны яшчэ з круглякоў.

Палотны з малюнакамі Язэпа Драздовіча будуць адноўленыя і паказаныя ў памяшканнях Падляшскага музея. Дадаткова ў наступным годзе  рэжысёрка і акцёрка Ёанна Троц падрыхтуе спектакль на аснове п’есы Васіля Дранько-Майсюка аб жыцці Драздовіча. Магчыма, што адбудуцца таксама публічныя чытанні п’есы ў Беластоцкім драматычным тэатры.

Язэп Драздовіч жыў і ствараў у першай палове XX стагоддзя. Быў мастаком, археолагам, пісьменнікам, этнографам і фалькларыстам. Усё жыццё падтрымліваў беларускую адукацыю.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.