Паэт, які збіраў сонца



Дваццаць гадоў таму на летніку ў вёсцы Чамяры недалёка ад Слоніма мы адзначалі 60-годдзе слонімскага паэта і грамадскага актывіста Рудольфа Пастухова. На юбілей тады прыехалі яго самыя блізкія сябры. Быў сонечны і цёплы верасень, такі ціхі, як сёлета. Былі ўсмешкі сяброў, пажаданні і вершы, прысвечаныя юбіляру. Ну, напрыклад, як гэтыя радкі Алеся Чобата:

За вёскай Чамяры

Палеткі і бары –

Прыгожа так, што не знаходзіш слова.

І хоць абрыдла жыць,

А добра тут пабыць

На сотках у Рудольфа Пастухова…

Рудольф шмат курыў, быў вельмі спакойны і шчаслівы.

Усе чумарыкі прыедуць, – сказаў ён і ўсміхнуўся.

Хто-хто? – перапытаў я.

Чумарыкі. Такое ў нас сяброўскае таварыства ёсць. Мы яго самі прыдумалі і стварылі.Сюды ўваходзяць тыя, хто добра разумее гумар і жарты, хто фізічна здаровы і мае здольнасці ў літаратуры, журналістыцы, культуры, музыцы і г.д. – растлумачыў Рудольф Аляксеевіч. А пасля дадаў: «Сёння на маім юбілеі ў чумарыкі прымем і цябе. Ты ў нас будзеш самым маладым чумарыкам».

Калі сабраліся ўсе госці, пачалася працэдура прыняцця мяне ў чумарыкі. Смеху было на ўсю чамяроўскую дачу. Нават розныя гумарыстычныя перадачы не змаглі б канкурыраваць у той дзень з вясёлай кампаніяй слонімскіх чумарыкаў…

Такім запомніўся мне той апошні юбілей Рудольфа Пастухова — тутэйшага паэта, інтэлігента, шчырага, вясёлага чалавека і адданага сябра. Хто тады ў верасні 1996 года мог падумаць, што праз год яго не стане? Раптоўна і нечакана… А мы з ім яшчэ шмат думалі і выношвалі п’есу «Камера», якая засталася незакончанай. Хацелі разам напісаць пра сталінскія лагеры і паставіць на сцэне Слонімскага драматычнага тэатра. Гэта яго верш «Курапаты» у кастрычніку 1988 года быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» у перакладзе Івана Сяргейчыка і выклікаў шмат станоўчых водгукаў. Моцная дакладная рыфма гучала водгукамі стрэлаў, якія знішчалі тут усё жывое, нават тое, што забіць нельга:

Не Бухенвальд тут,

Не Хатынь,

А – Курапаты.

Замшэлы лес –

Куды ні кінь,

Ды скрып лапаты.

І сэрца стук

На кожны гук

Смяротна раніць,

Жалобна б’е

Паклон зямлі

Людская памяць…

Рудольф Пастухоў рыхтаваў да друку свой другі зборнік вершаў, актыўна займаўся перакладамі з беларускай мовы на рускую. А першы і адзіны ягоны зборнік вершаў выйшаў у Слонімскай друкарні ў 1994 годзе з кароткай назвай «Судьба». Прадмову да зборніка напісала Данута Бічэль, а пасляслоўе «Гісторыя аднаго з нас» – Алесь Чобат. Данута Бічэль сваю прадмову да кнігі назвала «Паэт з берагоў Шчары». Яна пачыналася такімі радкамі: «Звычайны, чалавечы, людскі лёс… Але ці звычайны? А калі незвычайны, дык ці не таму, што паэт Рудольф Пастухоў жыве ў гэтым Краі? Ён – рускі, але тутэйшы, свой. Ён – электрык, але інтэлігент. У яго ўсё проста – і адначасова ўсё заглыблена, перакручана, ускладнена. Ён – паэт, але ўжо ў сталым веку выдае сваю кнігу. Але добрую…».

Кніга, сапраўды, атрымалася добрая. А вось гэтыя радкі мне назаўсёды запалі ў душу:

Это просто ставни скрипят,

Как шаги на снегу…

…Я во сне на подушке распят –

Но к тебе распятым бегу.

Часта Рудольф Пастухоў прыносіў мне свае вершы. «Няхай будуць у тваім хатнім архіве. Можа, калі спатрэбяцца», — казаў ён. Наогул, калі мне рабілася сумна і адзінока, я тэлефанаваў Рудольфу Аляксеевічу. «Прыязджай да мяне», — казаў ён у тэлефонную трубку і чакаў майго візіту. Мы гутарылі пра жыццё, пра палітыку, пра літаратуру. Ён ніколі нікому не зайздросціў, заўсёды быў шчырым старэйшым сябрам, дарадцам, кансультантам. Такім ён і застаўся ў маёй памяці.

А лёс Рудольфа Пастухова не песціў. Рана застаўся без бацькоў. Рос і выхоўваўся ў ГУЛАГу. Першы верш з’явіўся ў насценнай газеце Буйскай дзіцячай працоўнай калоніі Кастрамской вобласці (Расея) у 1951 годзе. Пра што ён пісаў, нават сам аўтар не памятаў.

Шляхі-дарогі паэта кідалі па ўсім былым Савецкім Саюзе. У 1970 годзе ён прыехаў у Слонім, каб застацца тут на ўсё жыццё. Праз год у Слонімскай райгазеце з’явілася ягоная першая паэтычная падборка. А аднойчы, напісаўшы добрую нізку вершаў, паехаў Рудольф Пастухоў у «Гродзенскую праўду» да Васіля Быкава, які працаваў тады ў гэтай газеце літкансультантам. Васіль Уладзіміравіч уважліва прачытаў творы, пагутарыў з паэтам са Слоніма, а праз пэўны час лепшыя з вершаў з’явіліся на старонках абласной газеты. Пасля былі новыя публікацыі. Вершы паэта з берагоў Шчары друкаваліся ў іншых рэспубліканскіх і абласных газетах і часопісах, а таксама ў зборніках «Дзень паэзіі-98», «Золак над Шчарай», расейскіх выданнях.

Быў час, калі Рудольф Пастухоў актыўна займаўся ў Слоніме грамадска-палітычнай дзейнасцю, выбіраўся дэпутатам Слонімскага гарсавета. Ён быў першым кіраўніком Слонімскай суполкі Беларускага Народнага фронту. Але заўсёды і ўсюды пісаў вершы. Пісаў іх за кратамі, у тайзе, на лесапавале, у каменным кар’еры, у доме культуры, на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы, дзе да пенсіі працаваў электраманцёрам. Але лепш за ўсё яму пісалася дома ў слонімскай кватэры і на летніку ў Чамярах:

Я солнце собираю по лучам,

В охапку, как большой букет сирени.

Несу тебе – пусть светит по ночам,

Убрав из жизни сумерки и тени…

Рудольфа Пастухова няма ўжо 19 гадоў. 28 верасня яму споўнілася б 80. Шкада, што такія людзі нас рана пакінулі. Але ў памяці тых, хто ведаў яго і чытаў ягоныя творы, паэт застанецца надоўга. Ну, як у яго паэтычных радках:

Мне очень надо встретиться с тобой,

Что б от тебя до смерти не уйти…

1

Рудольф Пастухоў

2

На летніку ў Рудольфа Пастухова (трэці справа), 1996 год

3

Вокладка кнігі

4

Сябры Слонімскага літаб’яднання, пачатак 1990-х. Рудольф Пастухоў чацвёрты злева.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара