Пайшоў з жыцця Аляксандр Ціхановіч



Развітанне з народным артыстам Беларусі Аляксандрам Ціхановічам адбудзецца 30 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, паведаміў БелТА міністр культуры Барыс Святлоў.

«Грамадзянская паніхіда пройдзе ў Белдзяржфілармоніі ў панядзелак, 30 студзеня, канкрэтны час ўдакладняецца», — сказаў Святлоў.

Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў Філармоніі з 11-00 да 14-00.

У храме Аляксандра Неўскага (вул.Казлова, 11) у 7:45 пачнецца памінальная літургія, пасля яе — адпяванне (меркавана ў 8:45)

* * *

Мінулай ноччу ў Менску на 65-м годзе жыцця памёр вядомы эстрадны спявак, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч. Пра гэта паведаміла ў „Фэйсбуку” яго дачка Анастасія Ціхановіч.

„Сёння ноччу не стала майго Таты … Мы дзякуем усім, хто на працягу яго дзіўнага жыццёвага шляху быў побач. Дзякуем усім, хто маліўся і падтрымліваў яго ў яго апошні і вельмі няпросты год. Я ведаю, што ён бы папрасіў падзякаваць усім вас за вашу любоў, якая была ўзаемнай. Чалавек-Любоў, мой самы блізкі, самы лепшы, самы любімы. Мой Тата. Памаліцеся за яго, каб яго дарога да Бога, якую ён шукаў і знайшоў, завяршылася радаснай сустрэчай. Тата, я люблю цябе, заўсёды. Царства табе Нябеснае, Няхай Божачка прыме цябе ў Сваіх самых светлых селішчах, дзе няма больш ні хваробы, ні смутку, але Жыццё і Любоў бясконцая”, — напісала дачка спевака.

Аляксандр Ціхановіч нарадзіўся 13 ліпеня 1952 года. Скончыў духавое аддзяленне (труба) Беларускай кансерваторыі. З 1973 года быў удзельнікам папулярнага ВІА „Верасы”. Удзельніцай ансамбля „Верасы” была і Ядвіга Паплаўская, якая стала пасля жонкай Ціхановіча.

У 1986 годзе Паплаўская і Ціхановіч сышлі з „Верасоў”, у 1987-м — пачалі працаваць у толькі што арганізаваным дзяржаўным аркестры пад упраўленнем Беларусі Міхаіла Фінберга. Пасля перамогі на конкурсе „Песня 88” Ціхановіч і Паплаўская стварылі дуэт.

Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская арганізавалі прадзюсарскі цэнтр, праз студыю якога прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў, у тым ліку папулярны гурт „Ляпіс Трубяцкой”. Доўгі час Аляксандр Ціхановіч займаўся адборам удзельнікаў Беларусі на „Еўрабачанне” ў праекце „Еўрафэст”.

belapan.by