Палац Слізьняў спалілі партызаны



Некалі ў вёсцы Новадзявяткавічы (Новыя Дзявяткавічы) Слонімскага раёна быў вялікі палац. Яго ў сярэдзіне XIX стагоддзя пабудаваў Альфрэд Слізень у англійскім стылі. У 1860 годзе Новадзявяткавічы наведаў славуты беларускі мастак Напалеон Орда і пакінуў нам у спадчыну намаляваны гэты палац з тыльнага боку. Захаваўся і малюнак Конрада Чарноцкага, які друкаваўся ў ягонай кнізе “Historie o Mieleszkach” (Варшава, 2008). Вось і ўсё, што мы маем, каб уявіць, які гэта быў палац у Новадзявяткавічах.

Dziaviatkavičy,_Ślizień._Дзявяткавічы,_Сьлізень_(N._Orda,_1860)

palac

У гэту вёску прыехаў надвячоркам. Праўда, сонца яшчэ было высока, таму на вясковых вуліцах і панадворках было людна. Недалёка ад месца, дзе быў палац, знаходзіцца вясковая крама, куды заўсёды спяшаюцца вяскоўцы: хто па хлеб, хто па віно, а хто па цыгарэты. Пытаюся ў вяскоўцаў, дзе быў палац Слізьняў? “Тут, недалёка, за магазінам, –адказваюць вяскоўцы.

За сельскаю крамаю – віднеецца стадыён. Іду туды, фатаграфую побач кусты, дрэвы, розныя старыя пабудовы, якія трохі аднавілі, пафарбавалі. Пасярэдзіне стадыёна сустракаю мужчыну, які спяшаўся на рыбалку. Пазнаёміліся. Завуць яго Васіль Міхайлавіч.

–А куды знік палац Слізьняў? – пытаюся.

–Як куды? Яго ў канцы вайны спалілі партызаны. Мне бацька шмат разоў пра гэта распавядаў. Ды і ўсе вяскоўцы кажуць, што прыгожы палац Слізьняў спалілі яны.

–А навошта партызаны палілі палац, няўжо там сядзелі немцы?

–Ніякіх там немцаў не было. Немцы палацаў і людзей не чапалі. А партызаны хацелі атрымаць медалі і ордэны, маўляў, за подзвіг, што адтуль выгналі немцаў.

–А вы скуль родам, Васіль Міхайлавіч? – пытаюся.

–Я родам з Новадзявяткавічаў, я памятаю сцены гэтага палаца. Памятаю, як у 1951 годзе сцены гэтыя білі трактары, экскаватары, бульдозеры цягалі іх. Палац быў моцны, прыгожы, арыгінальны. Цяпер нічога не засталося, толькі пару прыбудоваў. Калгас разбіраў палац для сваіх патрэбаў. Нават я дамоў прынёс некалькі кафляў, калі рабіў печку, то і іх паклаў. Яны адрозніваюцца ад звычайных савецкіх колерам, крыху цёмненькія па кутках. Зайдзіце да мяне ў хату і сфатаграфуйце, там жонка вам дазволіць.

–Ці былі падземныя хаты пад палацам Слізьняў?

–Былі, там прайшло маё дзяцінства, мы пастянна бавілі час у гэтых падземных хадах і пакоях. Праўда, нічога мы там не знаходзілі, хаця было шмат заваленых хадоў, даволі глыбокіх і доўгіх. Хадзіць туды баяліся, бо там не хапала кіслароду. А вось тут, дзе мы стаім, быў іпадром Слізьняў. Бачыце, шмат часу прайшло, але нічога тут не расце, толькі трава. Слізьні нечым гэта месца апрацавалі і яно з’яўлялася месцам толькі для коней і для конных скачак і спаборніцтваў.

Пасля гутаркі з Васілём Міхайлавічам, я наведаў яго хату і сфатаграфаваў некалькі кафляў на печцы. А потым прайшоўся па вёсцы, дзе зрабіў яшчэ некалькі здымкаў мясцовага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла і званіцы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара і з архіва аўтара