Памяці народнага майстра Міколы Тарасюка



На радзіме народнага майстра Міколы Тарасюка паставілі батлеечны спектакль паводле ягонага жыцця і філасофіі. Ініцыятарам праекта сталі гаспадары аграсядзібы “Стулы” – яны ж акторы спектакля – Аляксандр і Ларыса Быцко, а дапамаглі ўвасобіць ідэю ў жыццё майстры з грамадскага аб’яднання аматараў мастацтва “Тур”.

П’есу для спектакля напісаў берасцейскі паэт і журналіст, аўтар многіх перадач пра творчасць Мікалая Тарасюка, Мікола Пракаповіч.

– Пісалася гэта не проста пра Мікалая Тарасюка – народнага майстра. Гэта паводле Мікалая Тарасюка. Пра тое, як жыла прыпушчанская вёска наша, што спявалася, як працавалася, як гаравалася, як бедавалася, як перажываліся гэтыя дзве вайны. Гэтая п’еса – пра памяць.

Прэм’еру спектакля “Прытулак памяці”, што была прымеркавана да гадавіны з дня нараджэння народнага майстра, наведалі сваякі Мікалая Тарасюка і розныя творчыя асобы. За паказам прайшла дыскусія па захаванні спадчыны самабытнага разьбяра. Аўдыторыя прыйшла да высновы, што найлепш з гэтай задачай справіцца адмысловы фонд, у заснавальнікі якога ўвайшлі б усе зацікаўленыя бакі – сям’я майстра, дзяржава і грамадскі сектар.

 

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара