Памёр пісьменнік Іван Пташнікаў (абноўлена)



Развітанне з Іванам Пташнікавым пройдзе ў суботу, 30 ліпеня. Яно пачнецца а 13-й гадзіне ў сталічным Доме рытуальных паслуг па вуліцы Альшэўскага, 12. Для тых, хто жадае паехаць на могілкі, будзе арганізаваны аўтобус на 20 чалавек. Грамадзянская паніхіда пачнецца а 14-й гадзіне на Паўночных могілках у рытуальнай залі крэматорыя. А 15-й гадзіне — пахаванне і ад’езд.

* * *

Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку Аксана Спрынчан.

Апошнія гады Пташнікаў цяжка хварэў.

Іван Пташнікаў нарадзіўся ў 1932 годзе ў Лагойскім раёне. Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957—1958), рэдактар аддзела прозы часопіса „Маладосць” (1958-1962), з 1962 – рэдактар аддзела прозы часопіса „Полымя”.

Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў „Зерне падае не на камень” (1959) і „Сцяпан Жыхар са Сцешыц” (1966), аповесцей „Лонва” (1965, 1982), „Тартак” (1968), „Найдорф” (1976), раманаў „Чакай у далёкіх Грынях” (1962), „Мсціжы” (1972), „Алімпіяда” (1985).

У 1980 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990-1992 – Збору твораў у 4 тамах.

Творчая прыхільнасць Івана Пташнікава-празаіка – вясковая тэматыка. Таксама значнае месца ў творчасці займала тэма вайны.