Пан Тадэвуш: сённяшні погляд



Выстава „Пан Тадэвуш: сённяшні погляд” адкрылася ў арт-галерэі „Крыга”, што ў Гародні. Мастакі польскай суполкі пры Саюзе палякаў Беларусі па-свойму перажылі гэты славуты твор класіка. На вернісажы прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, творчая інтэлігенцыя Гародні.

P1220019

На запрашэнне прыняць удзел у вернісажы адгукнуўся госць з Менска – журналіст Юры Жыгамонт:

– Дзень – вельмі знакавы для Беларусі. Менавіта 26 лістапада адышоў Адам Міцкевіч, і на нашую зямлю прыйшоў наш славуты класік Уладзімір Караткевіч. Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня ягонага нараджэння.  Гэта як зерне – адно падае ў зямлю, застаецца, і з яго ўздымаецца новы колас, новае жыццё, новая літаратура.

Вельмі пацешыў удзельнікаў пранікнёны выступ літаратуразнаўцы Аляксея Пяткевіча, які абгрунтаваў значны ўклад твора ў фармаванне беларускай культуры 19-га стагоддзя. Выстава будзе трываць амаль да Калядаў, да 14-га снежня. Сярод мастакоў, як знакамітыя, так і маладыя творцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара