У Гародні – ХІ фэст нацыянальных культураў (абноўлена)



На ХІ фэсце нацыянальных культур, што адбываецца ў горадзе над Нёманам, фатограф Сяргей Марозаў прадстаўляе сваю імправізаваную фотавыставу. На некалькіх дзясятках здымкаў – Гародня, якую амаль ніхто не бачыў:

– Я ўдзельнічаю ў адзінаццатым фестывалі нацыянальных культур дзеля таго, каб паказаць нашым гасцям на колькі прыгожы наш горад Гародня праз свае фотаздымкі. Амаль усе фотаздымкі зроблены альбо з таго ракурсу, які недаступны большасці грамадзян – гэта значыць з дахаў розных будынкаў, альбо гэта шэрыя зоры над Гародняй, калі фотаздымкі робяцца ноччу на вельмі доўгая вытрымцы, і застаюцца зорныя трэкі на небе.

ХІ фэст нацыянальных культур адбываецца ў Гародні ў гэтыя выходныя. У ім удзельнічаюць 35 розных нацыянальнасцяў на 20-ці падворках. Цягам трох дзён у цэнтры Гародні працуе так званы “Гарадзенскі Арбат”, дзе можна пазнаёміцца з творчасцю мастакоў і кавалёў, мясцовых рамеснікаў ды тых, хто прыехаў прадставіць свае вырабы з іншых гарадоў.

* * *

На ХІ фэсце нацыянальных культур, што адбываецца ў Гародні 3-5 чэрвеня амаль не прадстаўлена беларуская нацыянальная культура. Са сцэны фэста гучаць выступы народных ансамбляў, аднак людзей,  якія  б рэкламавалі беларускія нацыянальныя сімвалі амаль няма.

Хіба адзіным месцам, апроч гарадзенскай крамы „Ц”, дзе можна падчас фэста набыць нацыянальныя кашулі і прэзенты з Пагоней, з’яўляецца крама Symbal.by, якая адмыслова прывезла свае рэчы на фэст. Распавядае яе кіраўнік Павел Белавус:

– Упершыню мы ўдзельнічаем у свяце нацыянальных культураў, якое праходзіць у Гародні. Вырашылі паўдзельнічаць, паказаць сучасныя варыянты беларускіх сувеніраў, якія добра характарызуюць і нацыянальную культуру, і мову, і нашыя традыцыі. Я вось сёння прайшоўся па ўсім кірмашы і, на жаль, акрамя нас убачыў толькі некалькі прыкладаў, калі сапраўды прадаюць цікавыя рэчы, звязаныя з Беларуссю.

На вуліцы Савецкай ў Гародні два дні падчас фэсту будзе працаваць вялікі кірмаш народных творцаў, што паказваюць розныя народныя выбару з ільну і шкла, каваныя вырабы, а прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў розных нацыянальнасцяў частуюць смачнымі нацыянальнымі стравамі.

* * *

Гародня на два дні адкрыла свой горад для ХІ рэспубліканскага фэсту нацыянальных культураў. У цэнтры горада працуюць 20 падворкаў, на якіх прадстаўленыя больш за 30 розных нацыянальнасцяў. Грузіны і габрэі, беларусы і рускія, самымі цікавымі з’яўляюцца венесуэльцы і карэйцы – усе яны песнямі ды танцамі рэпрэзентуюць свае этнасы і культуры.

Пра тое, што для яго значыць гэты фэст распавядае адзін з яго пачынальнікаў, старшыя гарадзенскага аб’яднання грузін Манія Елгуджы:

– У 1998 годзе я пачаў гэты фестываль. Сёння для мяне 10-ы фестываль, юбілейны. Зараз накрыем тут грузінскі стол, будуць гучаць песні з анекдотамі і добрымі тостамі. Выдатны фестываль. Нород святкуе. Калі добры, святочны настрой – гэта выдатна.

Грузіны на сваім падворку сустракалі сваёй гасціннасцю: песні і танцы, а шаноўных гасцей частавалі грузінскімі пачастункамі – шашлыком і сырам. А для малодшых удзельнікаў фэста быў зроблены вялізны торт з нацыянальным сцягам.

* * *

Парадам удзельнікаў пачаўся ў Гародні фэст нацыянальных культураў. Першымі парад пачалі матацыклісты, у некаторых былі расейскія трыкалёры. Пасля праехалі рарытэтныя аўтамабілі. Усяго прайшлі праз Савецкую вуліцу 35 нацыянальных дэлегацыяў. Былі маленькія, напрыклад, 2 чалавекі дэлегацыі Шры Ланка. Найбольш вялікія прадстаўніцтвы на парадзе: расейцы і палякі. Для арганізацыі масавасці ўздоўж пешаходнай вуліцы Савецкай вітаць удзельнікаў былі прыведзены работнікі бюджэтнай сферы з дзецьмі, вучні, студэнты.

На працягу двух дзён 4-5 чэрвеня будуць працаваць дваццаць два нацыянальныя падворкі. Фэст вельмі перасычаны на мерапрыемствы і канцэрты. Ад класічнай музыкі да папулярнай. Выступы народных калектываў, пленэры, прэзентацыі, продаж працаў народных майстроў, фейверкі.

Уваход у цэнтр Гародні перакрыты. Транспарт скіроўваюць у аб’езд. А тым, хто раптам захоча падзівіцца на мерапрыемствы, трэба прайсці рамкі з міліцыяй.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара