Паспяшальскія выканалі ў Гародні калядныя песні



У Гародні адбыўся святочны канцэрт каляднай песні ў выкананні знакамітай у Польшчы сям’і Паспяшальскіх. Сотні жыхароў горада над Нёманам наведалі касцёл Найсвяцейшага Адкупіцеля, каб паслухаць як традыцыйныя калядкі ў арыгінальнай апрацоўцы, так і калядныя песні з іншых кантынентаў.

Як зазначае Ян Паспяшальскі, выкананне твораў духоўнай тэматыкі яднае вялікую сям’ю і дае магчымасць для яе духоўнага роста:

– Без веры чалавек не ў стане гэтага перажыць, унутраны досвед тут напэўна найважнейшы. Людзі кажуць: „Файныя аранжыроўкі, файныя партытуры, нейкія ідэі”. Так, канешне, гэта ўсё добра, але, па-мойму, найбольш істотным напэўна з’яўляецца тое, што мы змаглі перадаць гэта нашым дзецям.

Гарадзенскі канцэрт сям’і Паспяшальскіх – адзін з двух запланаваных ў Беларусі. Другі канцэрт адбудзецца ў Менску 15 студзеня. Жыхары Беларусі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сям’і Паспяшальскіх дзякуючы падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое з’яўляецца арганізатарам выступаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня