Павел Севярынец з “Беларускай глыбінёй” на Лідчыне



У Лідскім раёне правёў творчую сустрэчу і прэзентацыю сваёй апошняй кнігі “Беларуская глыбіня” пісьменнік, палітык і грамадскі дзеяч Павел Севярынец. На сустрэчу з аўтарам кнігі ў аграсядзібе ў вёсцы Пескі сабраліся грамадскія актывісты з Ліды, Бярозаўкі і мястэчка Беліца. Падчас вечарыны палітык распавёў прысутным пра тое, як стваралася “Беларуская глыбіня”, а таксама адказаў на пытанні гасцей. Пасля чаго падараваў ахвотным па асобніку сваёй апошняй кнігі з уласным подпісам.

SAMSUNG DIGIMAX A403

Як зазначыў сам Павел Севярынец, асабіста Лідская “глыбіня” яго вельмі ўразіла:

– Насамрэч, Лідскі раён – гэта адна з нямногіх кропак на мапе Беларусі, дзе я яшчэ не быў з прэзентацыяй сваёй кнігі. Гэтае месца сапраўды глыбокае, сапраўды беларускае, і сюды абавязкова трэба было прыехаць. Тут вельмі цёплая атмасфера – нацыянальныя сцягі, беларуская мова, людзі, адкрытыя ўсім сэрцам. Гэта заўсёды ўражвае. Вялікі дзякуй гаспадарам і арганізатарам!

Такім чынам, для Паўла Севярынца прэзентацыя “Беларускай глыбіні” сталася ўжо 47-й па ліку. На Гарадзеншчыне аналагічныя сустрэчы адбыліся таксама ў Гародні, Лунне, Шчучынскім раёне, а пасля сутрэчы ў Песках палітык накіраваўся ў мястэчка Гезгалы Дзятлаўскага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя, Ліда