“Пераадольваючы хаос” з Беларусі – у Беласток



Беларускія мастакі – на выставе ў Беластоку. Маладыя мастакі прадставяць сваю творчасць у межах фестывалю “Усход культуры. Іншае вымярэнне”. Сярод іх – Сяргей Шабохін, які ўжо не першы раз выстаўляецца ў сталіцы Падляшша.

DSC04886

Запрашае куратарка выставы – Алена Прэнц:

– “Пераадольваючы хаос” – гэта выстава пра тое, як мастакі працуюць з мінімалістычным рэдуцыраваным выяўленнем у мастацтве. Калісьці ў Беларусі, на пачатку 20 стагоддзя, гэтая практыка была вельмі распаўсюджана. На гэтай выставе глядач убачыць, як можна працаваць са спадчынай абстракцыі і беспрадметнасці. У Сяргея Шабохіна, што цікавае ў ягоных выставах, – гэта тое, што ён даследуе механізмы ўлады, як дзяржаўная структура ўздзейнічае на чалавека і як чалавек нясе на сябе цяжар літасці або падаўлення дзяржаўнай улады.

Адкрыццё выставы беларускіх мастакоў – сёння ў мастацкай галерэі “Арсенал” у Беластоку – у будынку старой электрастанцыі.

Заўтра, 3 верасня, аб 11-ай па выставе правядуць экскурсіі самі мастакі і куратарка. Акрамя таго, наведаць галерэю можна на працягу ўсёй суботы і нядзелі.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя