Пераможцы конкурсу п’ес пра Францыска Скарыну атрымалі ўзнагароды



Конкурс п’ес, прысвечаных юбілейным датам жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны, завяршыўся ўзнагароджаннем пераможцаў.  Цырымонія прайшла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Конкурс спансуе “Беларусбанк”.

Расказвае старшыня журы рэжысёр Аляксандр Гарцуеў:

– Конкурс, які зладжаны Тэатрам беларускай драматургіі і Нацыянальнай бібліятэкай, прысвечаны 500-годдзю беларускага друкавання. Задача конкурсу – напісанне п’ес пра жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны. Конкурс адбыўся. Ён прадугледжваў намінацыі: гістарычная п’еса, сучасная п’еса альбо проста сцэнічная ідэя, ёсць такое тэатральнае паняцце. П’еса, адна з пераможцаў, будзе пастаўлена мною ў Тэатры беларускай драматургіі, у якім я маю гонар быць мастацкім кіраўніком.

Конкурс праводзіўся ў пяці намінацыях. Агулам “Беларусбанк” ахвяраваў на выплату ўзнагародаў яго пераможцам дваццаць шэсць тысячаў беларускіх рублёў.

skaryna141103

У час урачыстага мерапрыемства падвядзення вынікаў конкурсу дыплом пераможцы ў намінацыі „гістарычная п’еса” атрымаў Цімафей Ільеўскі з Берасця за п’есу „Францыск. Прыпавесць”, у катэгорыі „сучасная п’еса” атрымаў перамогу Мікалай Прудкоўскі з Менска за твор „Доктар свабодных навук”, а ў намінацыі „сцэнічная ідэя” дыплом пераможцы ўручаны Сяргею Кавалёву за п’есу „Юдзiф”.

Таксама на мерапрыемстве былі ўручаны дыпломы 1-й ступені фіналістам конкурсу Сяргею Шыдлоўскаму, Ірыне Андрэевай, Міхаілу Туруноўскаму, Віктару Марціновічу і дыплом 2-й ступені Алёне Іванюшэнка.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя