Першы беларускамоўны фэст для дзяцей у Гомелі



Гульні, майстар-класы па вырабе лялек, спевы, выступ гурта «Млын сонца» – усе гэта змаглі наведаць наведнікі беларускамоўнага фэсту для дзяцей. Бацькі, якія прывялі сваіх дзяцей на мерапрыемства, адзначаюць, што ў горадзе бракуе мерапрыемстваў па-беларуску. Сябра гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Яўген Якавенка гаворыць, што дзеці выдатна разумелі родную мову.

— Беларускамоўным вельмі важна адчуваць падтрымку. У такіх месцах збіраецца шмат дзетак (хай яны і не размаўляюць па-беларуску, але яны цікавяцца беларускай культурай). І для такіх дзетак вельмі важна, каб яны бачылі такіх, як яны. Магчыма, не ўсе дзеці разумелі ўсе беларускія словы. Але я бачыў, як дзеткі адказвалі па-беларуску на загадкі. Калі іх пыталі, што гэта, яны адказвалі: «Спаднічка, калядкі…».

Арганізатар і старшыня гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы Алеся Аўласевіч распавяла, як узнікла ідэя правядзення фэсту:

— Мы думалі запрасіць на фестываль беларускамоўнай адукацыі нейкага выкладчыка ці гурт і паспяваць разам. Але маленькія дзеці – настолькі актыўныя. Таму мы вырашылі зрабіць некалькі кропак. І ў выніку нехта спяваў, нехта рабіў лялек, нехта маляваў, нехта дапамагаў і падпяваў «Млыну сонца». І такі фармат вельмі ўдалы для дзяцей ад 3 да 8 год.  

Наведнікі мерапрыемства адзначылі, што ў Гомелі бракуе беларускамоўных мерапрыемстваў. Паводле бацькоў, дзіцячыя сады і школы не задавальняюць патрэбаў дзяцей у беларускамоўным навучанні.

Наведнік і бацька:

— Мы хочам зацікавіць дзяцей беларускай культурай, а ў школах гэтага не хапае. Урокаў беларускай мовы і літаратуры вельмі мала. І няма там чагосьці такога аўтэнтычнага. А тут ёсць. Таму мы сюды і прыйшлі.

Наведніца і маці:

Мы цікавімся беларускай культурай і мовай. А мерапрыемстваў беларускамоўных у горадзе не вельмі шмат.

Мерапрыемства наведала больш за 50 чалавек. Беларускамоўны фестываль адбыўся пры падтрымцы гомельскай філіі Таварыства беларускай мовы і гуртка «Мова дзяцей».

acgnxtbz3-w

cfpsoc9akja

g1e4jn6ssru

ni4rhfvadfe

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота: гурток «Мова дзяцей»