Першы раман пра бежанства на Падляшшы



У Бельску Падляшскі прэзентавалі першы на Падляшшы раман пра бежанства. У музеі бельскай ратушы адбылася прэзентацыя польскамоўнай кнігі «Надзея ажно да небакраю» („Nadzieja aż po horyzont”) Барбары Гаральчук. Яна расказвае пра сваякоў аўтаркі – жыхароў вёскі Мокрае (што ў Бельскай гміне), якія былі сасланыя ў глыбіню Расеі. Ідэя напісання кнігі чакала сваёй рэалізацыі многа гадоў.

Кажа аўтарка Барбара Гаральчук:

Яна была ў маім сэрцы ўсё жыццё. Я жыла з бабуляй, якая расказвала мне пра гэта бежанства, пакуль мне не споўнілася 23 гады. І я думаю, што гэта быў мой абавязак – напісаць пра гэта і пусціць у свет, да людзей, каб яны ведалі таксама, што ведаю я, ведалі пра ўсё тое, што давялося перажыць маёй бабулі. І вельмі цешуся, што кніга выйшла якраз у сотую гадавіну бежанства.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск

Фота аўтара