Пінск крочыць да тысячагоддзя ці ўжо перакрочыў?



Сталіца беларускага Палесся – Пінск у першыя выходныя кастрычніка святкуе 919-годдзе. Гэта адзін са старажытных і цікавых гарадоў краіны. Адлік існавання горада над Пінай бярэцца ад 1097 года, гэта самы даўні ўспамін пра горад знойдзены гісторыкамі ў пісьмовых крыніцах. Разам з тым ёсць не проста думкі, што Пінск пабудаваны значна раней, а дакладныя артэфакты.

Пячатка князя Ізяслава Яраслававіча

Афіцыйнай датай заснавання горада над Пінай лічыцца 1097 год, але яшчэ ў 1990-я гады вяліся размовы пра тое, што Пінск значна старэйшы, як мінімум на стагоддзе. Гэта пацвярджае і знаходка – пячатка князя Ізяслава Яраслававіча, які ўладарыў пінскімі землямі на паўстагоддзя раней (1054-1074 гады), чым 1097 год. Пячатка захоўваецца ў экспазіцыі Музея Беларускага Палесся.

Таксама цікавы факт: у 1941 годзе ў Нью-Ёрку выйшла кніга “Пінску – 1000 гадоў”. Гэта цэлая энцыклапедыя па палескай сталіцы: ад гісторыі да архітэктуры. Падрыхтавала выданне Пінскае габрэйскае таварыства ў Нью-Ёрку. Аўтары выказалі тэорыю, што Пінск заснаваны як мінімум у 1005 годзе, чаму ёсць пісьмовыя крыніцы XI стагоддзя. Сам 1005 год адзначаны на Палессі тым, што адбылося ўтварэнне Тураўскай епархіі на чале з епіскапам Фамой.

pinsk_1

Пячатка князя Ізяслава Яраслававіча ў фондах Музея Беларускага Палесся, 2016 год.

Вёска на беразе возера

Таксама па адной з версій першапачаткова старажытны Пінск быў на халмах, што на ўзбярэжжы возера ў вёсцы Гарадзішча, цяпер Пінскі раён. Паселішча знаходзіцца ў 10 кіламетрах на ўсход ад сучаснага горада. Відавочна, што і назва вёскі кажа сама за сябе. Як вядома ў археалогіі гарадзішчам называюць – рэшткі колішняга ўмацаванага паселішча ў выглядзе валоў і равоў. Іх адносяць да часоў першабытнаабшчыннага ладу і Сярэднявечча.

Магчыма гарадзішча было знішчана ў выніку нейкай сутычкі, а мо жыхары знайшлі лепшае месца. Вядома, што ў Пінск наведваліся вікінгі. Пра гэта сведчыць знойдзены відэлец вікінгаў ХІІ стагоддзя. Ён выкарыстоўваўся для выцягвання мяса з адмысловых пасудзін, якія скандынавы бралі ў далёкія паходы.

Хуткае развіццё палескай сталіцы ў Сярэднія вякі якраз і абумоўлена добрым размяшчэннем на важных гандлёвых шляхах.

pinsk_2

Возера з Гарадзішча на беразе якога мог пачынацца Пінск, Луіза Арнер Бойд, 1934 год.

Дзень горада

Дарэчы ёсць дакладны дзень 1097 года, калі ў летапісе “Аповесць мінулых часоў” узгадваецца Пінск – 5-га лістапада. Але як бачым святкуюць Дзень горада ў Пінску на месяц раней. Чаму? За савецкім часам, як вядома, пампезна адзначалі  “чырвоны дзень календара” – 7-га лістапада. Таму ўлады палічылі: “Неяк зашмат і ўсё да кучы”. Мясцовыя партыйцы вырашылі перанесці Дзень горада на пачатак кастрычніка ды і надвор’е больш спрыяльнае. Так заклалася традыцыя.

У 2014 годзе, не зразумела чаму і з якой нагоды, пінскі гарадскі Савет ветэранаў прапанаваў кіраўніцтву Пінска і ўсёй грамадскасці падтрымаць наступную ініцыятыву: сумясціць Дзень горада (пачатак кастрычніка) і Дзень вызвалення ад нацыстаў (14 ліпеня). Адзначаць абодва святы, як вядома – 14 ліпеня. Ветэраны даводзілі сваю пазіцыю так, што калі б не вызваленне ад гітлераўцаў, то горада даўно б не было і так амаль паўсюль святкуюць у колішняй краіне Саветаў.

Улады вынеслі пытанне на галасаванне, дзе гараджане выказаліся за захаванне Дня горада асобна. Савет дэпутатаў прыняў вынік апытання і адхіліў прапанову гарадской ветэранскай арганізацыі. Шчыра кажучы, краязнаўцы, неабыякавая грамадскасць меркавалі, што сумяшчэнне адбудзецца і выдыхнулі з палёгкай.  Хутчэй за ўсё ўлады прааналізавалі: улетку Пінск пусты, а ў кастрычніку студэнты, гараджане вяртаюцца з адпачынку і лецішча. Як бы не было, але абарона традыцыйнага Дня горада цяпер таксама гісторыя.

pinsk_3

Від на гістарычную частку Пінска з вышыні, realt.onliner.by, 2015 год.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск