Пінжак Сяргея Хмары падаравалі Дзятлаўскаму музею



Грамадскі актывіст з Дзятлава, сын заснавальніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Міхася Петрыкевіча Валерый Петрыкевіч і пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын наведалі Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Госці завіталі ў музей не з пустымі рукамі, а з падарункамі. Валерый Петрыкевіч падараваў музею, які заснаваў ў 1966 годзе яго бацька, рэдкія дакументы. Гэта фотаздымкі, заліковую кніжку бацькі з Мінскага педінстытута, дыплом бацькі аб заканчэнні педінстытута, розныя граматы, выпіскі, пасведчанні, выразкі са старых газет. А Сяргей Чыгрын прывёз у падарунак музею пінжак заходне-беларускага дзеяча, паэта і эмігранта Сяргея Хмары (1905-1992), які быў родам з вёскі Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. У гэтым пінжаку Сяргей Хмара, жывучы ў Таронта, хадзіў на розныя антыкамуністычныя мітынгі. У дар музею Сяргей Чыгрын таксама пакінуў выданні Сяргея Хмары – паасобнікі розных гадоў газеты “Беларускі голас” і часопіса “Баявая Ўскалось”, а таксама некалькі кніг Сяргея Хмары “Рабінавы хмель”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава. Фота аўтара.