Пісьменнікі абмеркавалі супрацу з Гарадзенскай праваслаўнай епархіяй



Сябры гарадзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў абмеркавалі магчымасці супрацы з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы. Двухбаковая ініцыятыва мае на мэце папулярызацыю беларускага слова як сярод вернікаў, так і сярод жыхароў Прынёмання. У межах супрацы запланавана правядзенне шэрагу культурных імпрэзаў, прысвечаных жыццю і творчасці класікаў беларускай літаратуры. Як зазначыў настаяцель Свята-Пакроўскага Кафедральнага Сабора пратаіерэй Георгій Рой, творчасць сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў мае выключнае значэнне для грамадзян Беларусі:

– Несумнеўна, гэта тыя людзі, якія нясуць у нашае грамадства традыцыі беларускай культуры, беларускага слова, беларускай паэзіі і беларускай літаратуры. Жыццё хрысціяніна не поўнавартаснае, калі хрысціянін не звяртае ўвагі на культуру.

На прыканцы сакавіка Гарадзенская праваслаўная епархія мае намер арганізаваць супольнае мерапрыемства з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, прысвечанае 70-годдзю стварэння філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Прынёмання.

Беларускае Радыё Рацыя