Пісьменніца з Дзятлава выпусціла трэцюю кнігу прозы



У Слонімскай друкарні выйшла з друку кніга жыццёвых гісторый, гумарэсак і аповесці пад назвай “Доўгі калідор” сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Леанарды Юргілевіч. Гэта ўжо трэцяя па ліку кніга пісьменніцы і журналісткі. Дзве ранейшыя пабачылі свет у 2000 годзе (зборнік гумарэсак “Грэшная душа”) і ў 2003 годзе – кніга жыццёвых гісторый “Восеньскае танга”.

Прадмову да кнігі напісаў прафесар з Гародні Аляксей Пяткевіч. У прадмове ён адзначыў, што чытач у “новай кнізе сустрэне не толькі апавяданні-абразкі, а і сюжэтна разгорнуты твор “Доўгі калідор”, дзе паказаны працэс нялёгкіх выпрабаванняў, якія праходзіць чалавек у пэўных абставінах”.

Новую кнігу Леанарды Юргілевіч склалі апавяданні аўтаркі, сюжэты якіх узяты з жыцця тых людзей, што жывуць побач. У тужлівых і простых здавалася па сюжэту апавяданнях, аўтарка распавядае пра нялёгкі чалавечы лёс. У многіх з іх бачыцца сама аўтарка з яе перажываннямі і радасцямі. Дарэчы, у 2002 годзе Леанарда Юргілевіч была ўганараваная спецыяльным дыпломам і прэміяй амерыканскай кампаніі “Філіп Морыс” за перамогу ў конкурсе, якія пішуць на сацыяльную тэматыку. Менавіта гэта тэма скразною лініяй праходзіць праз усе жыццёвыя гісторыі і новай кнігі пісьменніцы і журналісткі з Дзятлава.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя