Пленэр у Грушаўцы



Слонімскія мастакі наведалі мястэчка Грушаўка Ляхавіцкага раёна, вядомае з ХVI стагоддзя, як уласнасць Радзівілаў. Яшчэ ў 1551 годзе каралева Барбара Радзівіл перадала Грушаўку Мікалаю Залескаму. У канцы ХVІІ стагоддзя кароль Ян ІІІ Сабескі падараваў маёнтак кракаўскаму рыцару Марціну Рэйтану, які вызначыўся ў бітве з туркамі пад Венай. Вось такім шляхам Грушаўка перайшла ва ўладанне роду Рэйтана. Грушаўка – гэта месца нараджэння, жыцця і смерці амаль забытага на Радзіме і добра вядомага ў свеце Тадэвуша Рэйтана. Таго самага Рэйтана, які ў 1772 годзе на першым падзеле Рэчы Паспалітай, па словах пісьменніка Уладзіміра Арлова, лёг крыжам перад дзвярыма і закрычаў: “Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны!”.

Слонімскія мастакі Казімір Кулеш, Андрэй Сідараў, Леанід Богдан і Васіль Грыневіч зладзілі вандроўку па Грушаўцы, а потым кожны паасобку малявалі то вузкую алею да капліцы, то рэшткі лядоўні, то капліцу, то драўляныя пабудовы – усё тое, што яшчэ засталося ад часу Рэйтанаў. Праз пэўны час слонімскія мастакі плануюць наладзіць выставу сваіх твораў, прысвечаных сядзібе знакамітых Рэйтанаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ляхавіцкі раён, фота аўтара