Полацак і іншыя гарады свету



На працягу пяці гадоў славутыя латышскія мастакі Аляксей Навумаў і Крыстапс Зарыньш падарожнічаюць па гарадах свету, дзе на пленэрах малююць гарадскія краявіды і мясцовыя ландшафты. Затым у гэтых гарадах адбываюцца іх выставы. Латышскі «мастацкі дэсант» ужо наведаў шмат славутых культурных і індустрыяльных цэнтраў – Парыж, Нью-Ёрк, Вену, Маямі, Гонк Конг, Венецыю, Ерусалім… Летась упершыню мастакі наведалі першы беларускі горад – Віцебск. І вось сёлета, у першыя дні новага 2016 года, Аляксей Навумаў прыехаў у Полацак і на 20-градусным марозе маляваў Сафійскі сабор.

8 студзеня ў Полацкай карціннай галерэі адбылося адкрыццё выставы-праекта «Гарады свету», на якой, сярод іншых карцін, экспанавалася і найноўшая праца Аляксей Навумава «Полацк. Сафійскі сабор». На адкрыцці акрамя самога мастака прысутнічаў кіраўнік латвійскага консульства ў Віцебску Угіс Скуя, а таксама куратар выставы з беларускага боку, мастацтвазнаўца Міхась Цыбульскі.

Аляксей Навумаў – прафесар, рэктар Латвійскай акадэміі мастацтваў. Нарадзіўся ў 1955 годзе ў Рызе. Сябра Еўрапейскай акадэмі навук і мастацтваў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара