Полацкая мастацкая галерэя



За межамі Менска гэта адзіны мастацкі музей, у экспазіцыі якога знаходзяцца не толькі творы ўжо класікаў, але і працы сучасных беларускіх творцаў. У Полацкай мастацкай галерэі сабрана адна з самых цікавых калекцый беларускага жывапісу другой паловы ХХ стагоддзя. У тым ліку эксперыментальныя творы нефармальных мастацкіх суполак канца 80-х – пачатку 90-х.

Першапачаткова Полацкая гарадская карцінная галерэя месцілася ў Багаяўленскім саборы. У 1992 годзе, у сувязі з перадачай будынка Богаяўленскага сабора Полацкай епархіі, дзейнасць Карціннай галерэі працягвалася ў будынку Музея беларускага кнігадрукавання. У 2002 годзе Мастацкая галерэя атрымала ўнікальнае памяшканне – адзін з карпусоў былога езуіцкага калегіўма.

Пастаянная экспазіцыя галерэі знаёміць з развіццём выяўленчага мастацтва Беларусі, пачынаючы з раздзела «Сценапіс XII—XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра».

Раздзел іканапісу XVIII—XIX стагоддзяў, акрамя існуючых культавых прадметаў, уключае ў сябе шэсць абразоў XVIII стагоддзя мясцовай школы іканапісу з іканастаса Сафійскага сабора, калекцыю культавага меднага ліцця XIX стагоддзя і прадметы археалогіі XII стагоддзя.

На трэцім паверсе Мастацкай галерэі адбываюцца зменныя выставы. Гэтымі днямі тут праходзіць выстава мастацкага тэкстылю «Знітаванне», якая ў ліпені экспанавалася ў Віцебску.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.