«Пра высокае і вечнае» – фарбамі і алоўкамі



«Пра высокае і  вечнае» – выстава жывапісу мастакоў з Глыбокага і Шаркоўшчыны распачала сваю працу ў Глыбокім. У Цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці  на вернісажы мастакі распавялі пра стварэнне сваіх карцін. Усяго ў выставе прынялі ўдзел трынаццаць мастакоў, іх працы прысвечаныя духоўнай тэматыцы.

Па словах кіраўніка народнага клуба “Крыніца” Святланы Кавальчук, выстава прымеркаваная да свята Вялікадня і на карцінах мастакоў адлюстраваныя ў асноўным храмы.

– Я хацела, каб кожны чалавек знайшоў у сабе той храм, які яму вельмі дарагі, які вельмі блізкі, дзе дзяцей хрысцілі, магчыма бралі шлюб. У мяне, напрыклад, мама хадзіла ў царкву, мамы няма, а царква мне ўвесь час пра яе нагадвае. Гэта тое дарагое, якое кранае сэрца. Хтосьці адлюстроўвае тое, што яму блізка па стылю, хтосьці адлюстроўвае тое, што мае ў душы і ва ўяўленнях.

Выстава ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці будзе доўжыцца месяц. Потым прыедзе выстава з Менска рэпрадукцый карцін мастакоў-сімвалістаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі