Прэм’ера спектакля па п’есе беларускага драматурга



Слонімскі драматычны тэатр ажыццявіў новую сцэнічную пастаноўку. Яна адрасавана юным гледачам. Галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец паставіў казку па п’есе беларускага драматурга Генадзя Аўласенкі “Як павука з луга праганялі”. Першы прэм’ерны паказ спектакля адбудзецца ў нядзелю, 6 верасня.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Сама казка незвычайная. Яна напісана вершам, таму ўсе сцэнічныя героі размаўляюць толькі ў рыфму. Галоўныя героі казкі – гэта вядомыя дзеткам насякомыя, якіх яны бачаць амаль кожны дзень: конік, пчала, матыль, павук, муха, камары. Адмоўным героем з’яўляецца павук, які перашкаджае ўсім лётаць, скакаць, весяліцца на лузе. Таму казачныя героі аб’ядналіся разам, каб выгнаць павука, доктара пасткавых навук, з луга. І, толькі аб’яднаўшыся, яны яго перамагаюць. І, пераможаны павук, крычыць: “Адпусціце, я бяды не натвару, я свае манаткі хуценька збяру!”. Сцэнічных казачных герояў Генадзя Аўласенкі выдатна сыгралі слонімскія артысты.

У спектаклі вельмі шмат песень і скокаў, а касцюмы герояў даволі яркія і прыгожыя, па якіх гледачы адразу пазнаюць казачных герояў.

З новым спектаклем тэатр распачынае гастролі па школах і садках Гарадзеншчыны. І верыцца, што яго прыхільна сустрэнуць не толькі юныя гледачы, але і дарослыя.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара