Прэм’ера ў Слонімскім тэатры: «Зачараваная хатка»



У Слонімскім драматычным тэатры адбылася здача новага спектакля па п’есе беларускіх пісьменнікаў Васіля Ткачова (Гомель) і Сяргея Чыгрына (Слонім). Спекталь адрасаваны юным гледачам і мае назву «Зачараваная хатка». Сваю п’есу драматургі напісалі паводле твораў французскай пісьменніцы Графіні дэ Сэгюр. А ажыццявіў пастаноўку галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец.

У аснову спектакля лягла чарадзейная казка, якая найперш прысвечана дабру і злу. Галоўныя дзеючыя асобы ў спектаклі: багаты чалавек Прудан (артыст Уладзімір Навумік) і яго дачка Разалі (артыстка Галіна Ерамейчык) , мярзотная варажбітка мыш (артыстка Ірына Яцук) і прынц (артыст Раман Вайтулевіч). Дзяўчынку Разалі вельмі цікавіць асоба, якая схаваная ў зачараванай хатцы, на дзвярах якой вісіць вялікі замок. Бацька Разалі папярэджваў, што нельга адкрываць замок у хатцы, бо будзе вялікая бяда. Разалі паабяцала бацьку, што гэтага ніколі не зробіць, хаця яе вельмі зацікавіла, хто сядзіць у хатцы і чаму невядомая істота там знаходзіцца?І аднойчы Разалі не вытрымала і адкрыла ключом замок, а адтуль выскачыла… мярзотная варажбітка мыш… А што далей адбылося – даведаюцца юныя і дарослыя гледачы, калі паглядзяць гэты новы цудоўны спектакль з чарадзейнымі святлавымі эфектамі, музыкай і танцамі..

Ужо ў верасні «Зачараваную хатку» паглядзяць дашкольнікі і школьнікі Слоніма, Івацэвічаў і Ваўкавыска.

Валянціна Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара