Прэзентацыя кнігі Алеся Краўцэвіча ў Берасці



Кнігу «Вялікае Княства Літоўскае 1248-1377 гадоў» для берасцейскіх чытачоў прэзентаваў гарадзенскі гісторык Алесь Краўцэвіч. Сустрэча адбылася ў грамадска-культурніцкім цэнтры “Грунтоўня”. У аўдыторыі сабралася амаль паўсотні чалавек – аматараў гісторыі, студэнтаў, жыхароў гораду.

sustrecza_z_krauceviczam (2)

Алесь Краўцэвіч кажа, што такія імпрэзы даюць жаданне працаваць больш плённа і ўжо з новымі ідэямі:

– Вельмі важна для любога чалавека, які піша асабліва па гісторыі, сустракацца з людзьмі ва ўсіх кутках краіны. Гэта важна, думаю, і для мяне, і для гэтых людзей. Яны ўжывую бачаць аўтара, могуць напрамую задаць пытанні, сказаць, у чым ён памыляецца. А самае галоўнае для мяне – гэтыя спаткані дадаюць энергіі, бачыш для каго працуеш, што людзям гэта трэба і хочацца працаваць далей.

Большая частка сустрэчы з Алесем Краўцэвічам была прысвечаная адказам на пытанні прысутных. Таксама ўсе ахвотныя мелі магчымасць набыць кнігі гісторыка з ягоным аўтографам. Дзень раней падобная сустрэча ў Пінску была пад пагрозай зрыву, але яе ў выніку атрымалася правесці.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце