Пётра Цімафееў: Ніхто не хацеў хадзіць у шэрагах!



Пачала на пастаяннай аснове дзейнічаць выстава графічных партрэтаў Пётры Цімафеева ў Лідзе – у літаратурным музеі імя Валянцна Таўлая. У любы час можна паглядзець партрэты Янкі Купалы ды Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча ды Ларысы  Геніюш, Анатоля Сыса ды Зоські Верас, а таксама Васіля Быкава ды Генадзя Бураўкіна, паказ якіх быў забаронены падчас першай персанальнай выставы мастака. Тады ж не трапілі пад забарону партрэты Вінцэнта Гадлеўскага, Кастуся Акулы, Яўгена Куліка, Зянона Пазьняка.

IMG_0721

Самым палітычным, рокавым ды парнаграфічным мастаком Лідчыны яго называюць наменклатура і з іроніяй – сябры. Усё ж ткі часы пакрыху мяняюцца, лічыць Пётра. Маўляў, сёння наўрад, як тады, дырэктарка гістарычнага музея Ганна Драп дазволіла б сабе забараніць выставу за выявы голага Хрыста (а што, яго прыбівалі ў віц-мундзіры?!- адказваў мастак)  А таксама за запланаваную выяву Пагоні перад уваходам.

Пётра ў сваім жыцці прайшоў праз многае. Праз бандыцкі Парыж у юнацтве – так называлася ў мінулым стагоддзі ўплывовая моладзевая групоўка. Праз рух хіпі – адсюль у яго прага рок-н-рола  штодзень і серыя партрэтаў вядомых сусветных рок-музыкаў. Цяпер ён стаў палкім прыхільнікам беларушчыны. Яго дачка стала першай у горадзе, якой зрабілі шлюбную цырымонію ў касцёле па-беларуску. Дамовіўся, каб прывезлі асобнікі Бібліі на мове. Валодае пісьмом алоўкамі, алеем, вуглём, робіць аплікацыі з металу, на тканіне, ДВП. Калекцыянуе нажы і лёзы. Яго ідэал Пікасо – як сімвал свабоды ад стэрэатыпаў і канонаў.

Мы сустрэліся на Ісусах – так мясцовыя называюць гэты раён Ліды. Шэрае надвор’е ды дробны дождж дапаўнялі самотную карціну закінутых могілак ды старых паваленых надмагільных помнікаў. Побач – рэшткі стадыёна.

Пётра Цімафееў: Тут у 80-х ладзіліся футбольныя матчы паміж раёнамі. Прыз – скрыня “чарніла”. Гаспадарамі былі памянёныя “ісусы”. На могілках бавілі час з дзяўчатамі, гралі на гітарах, спявалі…

РР: “Ты парыжанін” – так называлася адна з самых гучных  груповак тых часоў у Лідзе. Адны назовы іх чаго вартыя – “Лондан”, “Цэнтр”, “Слабада”…

Пётра Цімафееў: Так, горад быў падзелены маладзёнамі на раёны і аўтаматычна на групоўкі. Змагаліся за ўплыў і ўладу ў горадзе. Па-просту біліся сценка на сценку на танцах і дыскатэках.

РР: Кім былі “завадатары”, як склаўся іх лёс?

Пётра Цімафееў: Па мянушках – Мустанг, Каўбой, Хіпіс. Апошні і ўлетку хадзіў у кажуху, з доўгімі валасамі. Зараз жыве ў Рызе. Два першыя з-за наркотыкаў адышлі ў іншы свет. Яны імкнуліся найперш жыць і, што іміджава важна, апранацца не па-савецку. Непазбыўная мара ўсіх, былі, канешне, фірмовыя джынсы з клёшамі, што каштавалі астранамічную па тых часах суму ў 180-200 рублёў. Але гэта быў той шык, што адрозніваў “эліту” ў тусоўцы ад шэраговых.

РР: І ўсё ж такі піццё віна на могілках, спяванне рок-музыкі “бунта”, “хіпанскае” адзенне – гэта быў несвядомы пратэст супраць сістэмы ці ўжо тады быў і палітычны пачатак, што выявіўся напоўніцу на вуліцах у 90-х?

Пётра Цімафееў: Быў пратэст супраць таталітарнай сістэмы – ніхто не хацеў хадзіць у шэрагах! У Лідзе дагэтуль жыве Аляксандр Сушко па мянушцы Сухар – у 70-х заснавальнік таго самага “Парыжа”. Каларытная асоба! Паставіў за мэту і стаў за 5 год майстрам спорту па боксу. Увогуле, у фізічным сэнсе гэта былі “качкі” па большасці, што не дазволілі б беспакарана АМАПу збіваць людзей на Плошчы. Дык вось з Сухаром звязаны першы палітызаваны маладзёвы выступ. Калі ў 1975 на гадавіну “Парыжа”, як раёна Ліды, на аўтавакзале павесілі сцягі Францыі. Ёсць фотаздымкі, дзе ў лесе стаяць “парыжане”, трымаючы самаробныя, “на анучах”, французскія сцягі. Іх здымала КДБ і міліцыя. Потым цягалі на допыты, але, здаецца, нікога не пасадзілі…

РР: А што ўсё ж такі адбылося з могілкамі, хто адказны за вандалізм?

Пётра Цімафееў: Тут былі пахаванні аж з часоў паўстанняў Каліноўскага і Касцюшкі. Зараз часткова адноўленыя. У час Другой сусветнай – стаялі бярозавыя крыжы немцаў з каскамі наверсе. Казалі, быў і бюст Гітлера. Усе памінальныя скляпенні, як кажуць, незалежна ад нацыянальнасці, былі зруйнаваныя вайсковай часткай НКУС 3210, што месцілася тады ў Лідзе для “барацьбы з тэрарызмам”. Перарывалі могілкі, гойдаліся з парэшткамі памерлых, падкідваючы іх на штыкі. Пасля ў пошуках нечага каштоўнага пачалі корпацца ў касцях і мясцовыя. На ўсё гэта скрозь пальцы глядзела тагачасны першы сакратар Лідскага ГККПБ і ваяўнічая атэістка Надзея Папова, у якой сын сам пасля аказаўся ў крымінальніках. Зараз ля могілак хаджу прыкладна разы тры на тыдзень. Для мяне гэта сімвал дзікунства, што нарабілі камуністычныя злодзеі. Яны яшчэ жывыя і пры Лукашэнку атрымліваюць на свае пякельныя святы падарункі. Гэта мянокліч таго, ЯК НЕЛЬГА ЖЫЦЬ!

У кватэры, дзе зладзіў сваю імправізаваную выставу – працяг яго расповедаў ды ўспамінаў пра жыццё і актуальныя тэмы, светапогляд  і жыццёвыя мары.

РР: Як рок-фан са стажам прыйшоў да беларушчыны, карпатлівага вывучэння нацыянальна-гістарычнай спадчыны. Урэшце, стаў думаць і гаварыць па-беларуску?

Пётра Цімафееў: У школе я не толькі не размаўляў, але і не вывучаў мовы, як сын савецкага вайскоўца. Але дачка скончыла беларускі клас, дзе была шчырая, патрыятычная настаўніца Лілія Канстанцінаўна Бельчанка. Пад уплывам якой праглынуў процьму гістарычнай літаратуры. Калі даведаўся колькі прайшлі, колькі страцілі мы, беларусы. І калі дачка вырашыла пабрацца шлюбам, паклікаў яе з будучым мужам і прапанаваў, каб усе гэтыя таямніцы ды малітвы прайшлі па-нашаму. Ксёндз з энтузіязмам падтрымаў. Родныя, што прыехалі з розных рэгіёнаў, плакалі. І сказалі, што ў часе набажэнства “ўспомнілі” мову…

Пётра паказвае мне першаму карціну, на якой у абдымках нямецкі жаўнер і, паводле выгляду, маладая беларуска.

Пётра Цімафееў: Вайна вайной, каханне каханнем. Гістарычна вядома, што пасля вайны ў лагерах НКУС сядзела шмат маладых маці, што нарадзілі ад немцаў. Хоць разумею, што гэта чарговая карціна-кандыдат на забарону…

РР: Чаму “Певень на ланцугу” лічыцца тваёй найбольш скандальнай карцінай?

Пётра Цімафееў: У 1972 у Гародні быў вялікі сэйшэн хіпі. Сотні іх прыехаді з Балтыі ды Масквы з Піцерам. Да гэтага часу дзясяткі лічацца зніклымі без вестак. Разганялі маладзёнаў жорстка – з войскам, дубінкамі, хапалі і везлі ў невядомых напрамках. Галоўным “прыколам” стаў той самы рэальны французскі певень на ланцугу, што ўзначальваў шэсце хіпі па цэнтральным пляцы горада. А вось сучасная праява сітуацыі. Карціну забараніла дырэктар музея, даведаўшыся, што “доўгавалосыя” выступалі не толькі супраць вайны, але і супраць інстытута дзяржавы. Аргументацыя шакавала – “мне прэзідэнт даверыў музей не для таго, каб выстаўлялі нейкіх апазіцыянераў!” Кажу, Ганна Іванаўна, Аляксандру Рыгоравічу ў тыя часы было толькі 18! А-а, ўсё! Між іншым, на тым хіп-парадзе была і юная Ядзвіга Паплаўская…

РР: У хаце партрэты Джона Лорда, Джымі Пэйджа, Deep Purple, Rainbow, Black Sabbath, Nazareth? Даніна тым часам?

Пётра Цімафееў: “Безумоўна! Я дагэтуль іншай музыкі не прызнаю. Памятую, як у 7 класе выкінулі ў продаж кайстрачкі з выявамі “Slade”, і я на каленях вымаліў у маці аж 7 (!) рублёў. Са школы ў той дзень выгналі за прапаганду “варожых рок-гуртоў” (смяецца)

А ва ўласнай кавярні з жонкай Марынай зладзілі Дзень беларускай мовы –маўляў, хто закажа па-беларуску, дык зніжкі на 50 %, хто прачытае верш на мове – бясплатны кубак кавы.

Марына Цімафеева: Тады па ўсёй краіне праходзілі Дні беларускай мовы. Людзі не валодаюць мовай Акурат напярэдадні ішлі з Пётрам з кірмашу. Яму было трэба набыць крэйды ды тэрпатына. На яго замову па-беларуску збегліся усе прадавачкі начале з загадчыцай. Пасля іх палкай спрэчкі “што трэба” давялося падказаць на “чужой” мове. Пакуль муж маляваў, мне трэба было таксама нечым займацца. Стала вышываць іконы, у тым ліку, па замовах на продаж. Пасля спадабалася – набыла другую прафесію. Зрэшты, знаходзячыся побач з Пётрам, немагчыма і самой не займацца творчасцю…

РР: Ці збіраешся дажыць да часоў, калі на вокліч “Жыве Беларусь!” цябе адгукнуцца “Жыве!”?

Пётра Цімафееў: Калі дасць Гасподзь, канешне! “Навячнін навячнін = жыве на векі вечныя!” Хацеў бы пабачыць дзяржаўныя бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня” і пачуць гімн “Магутны Божа”…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя