Пачынаецца працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча



Працэс беатыфікацыі фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча распачнецца 10 красавіка бягучага года. Пра гэта распавёў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі  Тадэвуш Кандрусевіч у час прэс-канферэнцыі ў менскай Курыі.

mitrapalit

Ужо нават складзеная адмысловая малітва пад назвай “Вера і розум”, пры дапамозе якой можна будзе прасіць пра далучэнне да ліку Святых Эдварда Вайніловіча.

Як зазначыў арцыбіскуп, гэта значная гістарычная падзея для Беларусі, бо беларускіх святых не так і шмат. А з 10 красавіка Эдвард Вайніловіч будзе звацца Слуга Божы.

– Мы ўжо два гады ходзім па кабінетах Ватыкану, каб атрымаць дазвол і распачаць гэты  працэс. Дазвол афіцыйна атрыманы, і таму гэты працэс распачынаецца. Ён вельмі і вельмі складаны. Ёсць свае камісіі – гістрычныя і тэалагічныя. Трэба падаць творы, якія ён напісаў. Гэта вельмі складаная справа і яна трывае доўга. Мы не ведаем, калі гэты працэс завершыцца. Гэта ведае толькі Бог.

Эдвард Вайніловіч –  грамадска-палітычны дзеяч Беларусі і Расейскай імперыі дзявятнаццатага пачатку дваццатага стагоддзяў. Ён займаўся дабрачыннасцю, быў фундатарам не толькі касцёлаў, але і праваслаўных цэркваў, сінагог, мячэцяў. Яшчэ сто гадоў таму ён зразумеў значнасць міжхрысціянскага  дыялогу.

Чырвоны  касцёл на плошчы Незалежнасці  ў Менску быў названы ў гонар памерлых дзяцей Вайніловіча – Сымона і Алены.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўатара