Распачынаецца трэці сезон «Жывой бібліятэкі»



Пасля летняга адпачынку распачынаецца трэці сезон «Жывой бібліятэкі». Чарговая сустрэча адбудзецца 28-га жніўня ў творчай прасторы «ЦЭХ» ў межах выставы «Менскія дыяспары».

Гэтым разам арганізатары імпрэзы прапануюць дазнацца, як у Беларусі жывуць людзі іншых нацыянальнасцяў. Гаворыць куратар праэкту Марыя Лукашук:

— Гэтая бібліятэка будзе адметная тым, што мы будзем запрашаць людзей, якія маюць нейкае дачыненне да дыяспараў, якія існуюць у нашым горадзе альбо ў нашай краіне. Таму, калі ў вас ёсць цікавасць паразмаўляць з людзьмі, які вы наўрад ці проста так на вуліцы то прыходзьце калі ласка.

«Спадзяюся, што пад час размоў, будуць разбураны многія стэрэатыпы пра жыццё дыяспараў,» — дадала Марыя Лукашук. Арганізатары анансуюць размову з прадстаўнікамі габрэйскай, армянскай дыяспары і яшчэ шмат іншага.

«Жывыя бібліятэкі» – гэта сустрэчы накіраваныя на разбурэнні пэўных стэрэатыпаў у грамадстве. Пад час сустрэч кожны ахвотны можа паслухаць і пагутарыць з прадстаўнікамі розных прафесій, рэлігій, заняткаў, нацыянальнасцяў і г.д.

«Жывая бібліятэка» адчынніць дзверы ў «ЦЭХу» 28-га жніўня а 15-й гадзіне.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Вконтакте