„Re1ikt” запісаў для “Крумкачоў” гімн



Аўтары найлепшага рок-альбома 2015 года гурт „Re1ikt” напісалі беларускамоўны гімн для футбольнага клуба „Крумкачы”.

kr2

Беларускі гурт „Re1ikt” – уладальнік шматлікіх музычных узнагарод і прэмій – выклаў у сетку сінгл „Разам”, які стаў гімнам футбольнай каманды „Крумкачы”, якая ў гэтым годзе дэбютавала ў вышэйшай лізе Беларусі.

„Трэк атрымаўся менавіта такім, якім мы сабе яго ўяўлялі: дынамічным, энергічным і натхняльным на перамогі. Гэта стоадсоткавы футбольны гімн, які адказвае сусветным стандартам, і пры гэтым у ім захавана нацыянальная беларуская ідэнтычнасць”, – кажа старшыня праўлення футбольнага клуба „Крумкачы​​” Дзяніс Шунта.

kr1

Запіс і звядзенне кампазіцыі зрабіў на менскай студыі Everest Media вядомы беларускі гукарэжысёр Павел Сініла. Супрадзюсерам з боку „Крумкачоў” стаў Віктар Радзькоў. Праслухаць трэк можна па спасылцы на афіцыйнай старонцы гурта „Re1ikt” на рэсурсе Soundcloud тут.

„Мы вельмі радыя, што менавіта „Re1ikt” запісалі для „Крумкачоў” гімн. „Re1ikt” карэлюе з намі па духу і стылістыцы. Гэта сапраўдны беларускі гурт, які стварае музыку, цікавую далёка за межамі Беларусі.Шматлікія ўзнагароды, якіх яны былі ўганараваныя, а таксама хвалебныя водгукі экспертаў і крытыкаў не пакінулі і цені сумневу ў тым, што „Крумкачы” зрабілі правільны выбар”, – дадае Дзяніс Шунта.

Музыкі таксама засталіся задаволеныя супрацоўніцтвам са спартоўцамі.

„Мы хацелі стварыць песню, якая б кардынальна адрознівалася ад песень з альбома „Лекавыя травы”, і пры гэтым адпавядала нейкім негалосным „стандартам” спартыўных гімнаў. Атрымалася забіяцкая кампазіцыя на стыку музычных кірункаў – ад яе вее і нейкай „пабнай ірландшчынай”, у ёй ёсць энергетыка панк-рока і разам з тым сапраўды беларускі дух”, – распавядае лідар гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка.

„Нас натхніла галівудская гісторыя „Крумкачоў”, бо мы, простыя хлопцы з правінцыйнага гарадка, таксама калісьці пачыналі займацца музыкай з вялікім жаданнем дамагчыся высокіх вынікаў. Таму ведаем, што любоў да сваёй справы і падтрымка неабыякавых людзей, якія вераць у твой поспех, здольныя тварыць сапраўдныя цуды. Спадзяемся, што заўзятарам гімн прыйдзецца па душы”, – рэзюмуе музыкант.

Упершыню гімн прагучыць 23 красавіка перад хатнім матчам са „Славіяй-Мазыр”.

Паводоле krumka.by